Новая бяда: беларускія агуркі ў крамах выдаюць за расійскія, каб прадаваць даражэй
У Мінску прафсаюзы правялі праверку крам і звярнулі ўвагу на кошт агуркоў, якія прадаваліся па 9,99 рубля. Падчас рэйду высветлілася, што ў адным з гандлёвых пунктаў агуркі пазначаліся як расійскія, што дазволіла ставіць для іх больш высокую цану. Аднак на ўпакоўцы было пазначана, што вытворца — беларускае прадпрыемства з Віцебскай вобласці.
Прафсаюзы адзначылі, што свежыя агуркі ў Беларусі ўваходзяць у спіс тавараў з дзяржаўным рэгуляваннем цэн. Паводле дзейных правіл, цана на іх можа павышацца не больш чым на 0,3% у месяц. Таму, маўляў, «нармальная» цана павінна быць каля 7 рублёў. Пры гэтым рэгуляванне тычыцца менавіта свежай прадукцыі беларускага паходжання.
Пасля заўвагі правяраючых у той жа краме праз дзве гадзіны агуркі ўжо прадаваліся па 7,88 рубля. Інфармацыю пра парушэнне зафіксавалі на відэа і плануюць перадаць у адпаведныя органы для далейшай праверкі.
Паводле статыстыкі, у мінулым годзе Беларусь стала адным з асноўных пастаўшчыкоў свежых агуркоў у Расію. У той жа час у беларускім урадзе адзначаюць, што з-за актыўнага экспарту ў асобных рэгіёнах краіны часам узнікае дэфіцыт свежай гародніны.
Чытайце таксама:
Следам за цяплічнымі агуркамі павялічаць вытворчасць і памідораў
У Беларусі знялі першы ўраджай агуркоў
Беларусь стала галоўным пакупніком расійскіх закатак з агуркамі