БЕЛ Ł РУС

У Беларусі стала падымацца вада на рэках

2.03.2026 / 17:36

Nashaniva.com

У Беларусі адзначаецца павышэнне ўзроўню вады на большасці рэк. Паводле звестак Белгідрамета, гэта звязана з раставаннем лёду і яго разбурэннем.

Здымак ілюстрацыйны

З 28 лютага па 1 сакавіка адбылося ўскрыццё Дзвіны каля Віцебска, а таксама Віліі паблізу аграгарадка Сцешыцы Вілейскага раёна. Цалкам вызваліліся ад лёду Вілія ў раёне Вілейкі і асобныя прытокі Буга, Сожа і Прыпяці.

Па стане на 2 сакавіка лёд яшчэ захоўваецца на большасці рэк басейнаў Дзвіны, Нёмана, Дняпра, Бярэзіны, Сожа і Прыпяці, а таксама на буйных вадасховішчах (Вілейскім, Чыгірынскім, Салігорскім, Заслаўскім, Чырвонаслабродскім) і на азёрах Нарач, Дрывяты, Чырвонае і Лукомскае. Таўшчыня лёду складае ад 10 да 45 сантыметраў. Пры гэтым лёд паступова растае, змяняецца яго структура, з’яўляюцца палонкі, трэшчыны і вада на паверхні.

Рост узроўню вады цяпер назіраецца на рэках басейнаў Дзвіны, Нёмана, Дняпра, Бярэзіны, Прыпяці і Буга. За суткі вада падымаецца на 1—17 сантыметраў. Разам з тым на рэках басейнаў Віліі і Сожа пераважае спад.

Каля вёскі Першая Слабодка Петрыкаўскага раёна на рацэ Пціч, якая з’яўляецца прытокам Прыпяці, узровень вады ўжо перавысіў адзнаку выхаду на пойму. У найбліжэйшыя дні вясновыя працэсы будуць працягвацца. Чакаецца таксама, што Нёман каля аграгарадка Беліца Лідскага раёна і рака Стыр каля вёскі Лапаціна Пінскага раёна ў хуткім часе могуць выйсці на пойму.

Чытайце таксама:

На Брэстчыне ўжо пачаліся вясновыя паводкі ВІДЭА

У Беларусі рыхтуюцца да вясновай паводкі

«Драгічынскае мора»: у горадзе падтапіла месцы, дзе раней не прыбралі снег

На некаторых рэках лёд ужо хутка растае

Паветра з Заходняй Еўропы прынясе ў Беларусь значнае пацяпленне

Каментары да артыкула