У ААЭ, Катары і Амане застаюцца больш за тры тысячы беларускіх турыстаў
Больш за тры тысячы арганізаваных турыстаў з Беларусі застаюцца цяпер у краінах Блізкага Усходу, дзе назіраецца нестабільная сітуацыя, паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва турызмы Кірыл Машарскі ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».
Чорны слуп дыму падымаецца 1 сакавіка над складам у прамысловай зоне горада Шарджа ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах пасля паведамленняў пра іранскія ўдары па Дубаі. Фота: AP Photo/Altaf Qadri
Паводле звестак Нацыянальнага агенцтва турызму, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах знаходзіцца звыш 2,5 тысячы беларусаў, у Амане — 319 чалавек, у Катары — каля 200.
Паведамляецца, што для сувязі з грамадзянамі арганізаваныя гарачыя лініі. Часовы павераны ў справах Беларусі ў Катары ўжо сустрэўся з турыстамі ў Досе: паводле яго інфармацыі, людзі захоўваюць спакой і чакаюць развіцця сітуацыі.
Разглядаецца магчымасць эвакуацыі беларусаў праз Саудаўскую Аравію, сярод іншага праз Эр-Рыяд. Турыстычным кампаніям і дыпламатам даручана садзейнічаць падаўжэнню бясплатнага жыцця ў гатэлях на перыяд вымушанага чакання.
Тым, хто павінен быў вылятаць у Эміраты, Катар або Аман у найбліжэйшыя дні, тураператары абавязаныя вярнуць поўны кошт тураў.
Прадстаўнікі турыстычнай сферы рэкамендуюць грамадзянам заставацца ў гатэлях або арандаваным жыллі, не пакідаць іх без крайняй неабходнасці, а таксама пазбягаць раёнаў з дзяржаўнымі ўстановамі і вайсковымі аб’ектамі.
28 лютага ЗША і Ізраіль пачалі вайсковую аперацыю супраць Ірана. Яны нанеслі ўдары па буйных гарадах, у тым ліку па сталіцы — Тэгеране. У адказ Іран ажыццявіў ракетныя ўдары, у тым ліку па вайсковых базах ЗША ў шэрагу краін рэгіёна. Канфлікт закрануў значную частку Блізкага Усходу.
Чытайце таксама:
Мабільныя аператары далі бясплатны роўмінг для беларусаў, якія затрымаліся на Блізкім Усходзе
Што посцяць беларускія селебрыціс, якія апынуліся пад бомбамі і дронамі ў краінах Бліжняга Усходу
«Басейны закрытыя, на пляжы рэкамендуюць не хадзіць». Што кажуць турысты ў ААЭ і Катары
Для беларускіх турыстаў, якія знаходзяцца на Блізкім Усходзе, выдалі інструкцыю