БЕЛ Ł РУС

Чатыры шляхі завяршэння вайны ў Іране

3.03.2026 / 19:16

Антось Жупран

Пакуль ізраільскія ракеты метадычна знішчаюць кіраўніцтва ісламскай рэспублікі, узнікае галоўнае пытанне: што застанецца на месцы Ірана пасля таго, як сціхнуць выбухі? The Times акрэслівае магчымыя фіналы.

На адной з вуліц Тэгерана. 3 сакавіка 2026 года. Фота: AP Photo / Vahid Salemi

Аналізам сітуацыі займаліся вядучыя эксперты выдання па Блізкім Усходзе: Рычард Спенсэр, шматгадовы карэспандэнт The Times у рэгіёне, і Самер Аль-Атруш, спецыяліст па геапалітыцы ісламскага свету. 

На думку экспертаў, будучыня рэгіёна зараз балансуе паміж чатырма сцэнарыямі.

1. Выжыванне рэжыму

Прэцэдэнтаў звяржэння рэжыму нават магутнасцю Злучаных Штатаў з дапамогай адной толькі паветранай кампаніі няшмат. Застаецца цалкам магчымым, што Трамп і Нетаньяху ў выніку спыняць бамбардзіроўкі, абвясціўшы перамогай знішчэнне ядзернай праграмы, ракетных баз, значнай часткі вайсковай іерархіі і вышэйшага духавенства.

Тым часам ацалелы апарат можа выбраць іншых лідараў рэжыму. Ужо прызначаны кіруючы камітэт з трох чалавек, у які ўвайшлі прэзідэнт Пезешкіян, радыкальны клірык аятала Алірэза Арафі і старшыня вярхоўнага суда Галям-Хасейн Махсені-Эжэі. Арафі (ён цяпер часовы Вярхоўны лідар Ірана) заявіў у панядзелак, што спадзяецца на хуткі выбар новага вярхоўнага лідара.

Сярод магчымых кандыдатаў называюць самога Арафі, Маджтабу Хаменеі — сына загінулага аяталы, Хасана Хамейні — унука заснавальніка ісламскай рэспублікі аяталы Рухалы Хамейні, а таксама аяталу Махамада Мехдзі Мірбагеры, які прадстаўляе радыкальнае крыло.

Часам згадваецца і былы прэзідэнт Хасан Раўхані, пры якім Іран дамовіўся з ЗША і Еўрасаюзам пра абмежаванне ядзернай праграмы ў абмен на зняцце часткі санкцый. Аднак ён не карыстаецца шырокай падтрымкай ні ў кансерватараў, ні ў часткі грамадства, што робіць яго малаімавернай фігурай — хіба што ў выпадку, калі рэжым вырашыць прадэманстраваць гатоўнасць да паляпшэння адносін з Захадам.

2. Карэкціроўка рэжыму

Адзін з магчымых сцэнарыяў — не поўнае звяржэнне ўлады, а яе частковае перафарматаванне. Падобны прыклад нядаўна адбыўся ў Венесуэле. Пасля таго як амерыканскія вайскоўцы затрымалі Нікаласа Мадура, апазіцыя разлічвала на поўную змену рэжыму. Аднак замест гэтага ўладу пераняла яго віцэ-прэзідэнт Дэльсі Радрыгес — відавочна, пры маўклівай згодзе ЗША. Яна захавала асноўныя дзяржаўныя структуры, але пагадзілася выканаць шэраг патрабаванняў Вашынгтона, у тым ліку адносна знешняй палітыкі і паставак нафты.

У Іране падобнай фігуры, якая магла б стаць кампрамісным варыянтам, пакуль не відаць. Аднак увагу прыцягвае кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі Алі Ларыджані. Гэты вопытны дыпламат і дасведчаны перамоўшчык па ядзерных пытаннях. На Захадзе яго ведаюць як універсальнага «вырашальніка» праблем рэжыму. Пасля бамбардзіровак Ларыджані застаўся жывы, што многія палічылі паказальным.

Хаця на паверхні ён застаецца жорсткім крытыкам заходняй і ізраільскай улады, яго імя часта называюць як таго, з кім «можна мець справу», як Маргарэт Тэтчэр некалі сказала пра Міхаіла Гарбачова ў 1980-я. Гэта быў бы шлях мяккай змены курсу без поўнага разбурэння дзяржаўнай машыны.

3. Поўная змена рэжыму

Трэці шлях — гэта ажыццяўленне надзей тысяч іранцаў, якія падняліся на пратэсты ў студзені. Прыхільнікі гэтага сцэнарыя ў ЗША ціснуць на Трампа, патрабуючы ўсталявання празаходняй дэмакратыі.

Галоўнай медыйнай постаццю тут з’яўляецца Рэза Пехлеві, сын апошняга шаха. Ён карыстаецца маральнай падтрымкай Нетаньяху і прапануе сябе як пераходнага лідара для стварэння канстытуцыйнай манархіі. Аднак памяць пра рэжым яго бацькі да гэтага часу выклікае неадназначную рэакцыю ўнутры краіны.

Яшчэ адзін гулец — «Арганізацыя маджахедаў іранскага народа» (MEK). Яна доўгі час мела падтрымку шэрагу заходніх палітыкаў, асабліва з правага лагера. Яе лідарам лічыцца Мар’ям Раджаві. Некаторым назіральнікам яна здаецца больш блізкай да традыцыйнага іранскага грамадства, чым заходнеарыентаваныя гарадскія актывісты, што падтрымліваюць Пехлеві.

Аднак у MEK складаная і супярэчлівая гісторыя. У мінулым арганізацыя спалучала ісламскую рыторыку з марксісцкімі ідэямі і выкарыстоўвала гвалтоўныя метады. Сёння яна сцвярджае, што адмовілася ад радыкальнага мінулага і выступае за дэмакратыю, і пэўную падтрымку ўнутры Ірана яна сапраўды мае.

Тым не менш застаецца адкрытым пытанне, ці здолее Пехлеві, Раджаві або любы іншы лідар аб’яднаць разнастайнае іранскае грамадства і стварыць устойлівую празаходнюю дэмакратычную сістэму. Многія эксперты ставяцца да такой магчымасці з асцярожнасцю

4. Распад і хаос

Журналісты адзначаюць, што Іран, у адрозненне ад Ірака, не з’яўляецца рэлігійнай «парахавой бочкай» з-за дамінавання шыіцкай большасці. Аднак, паводле іх, гэта не гарантуе стабільнасці. Рызыка дэстабілізацыі звязаная з этнічнымі супярэчнасцямі.

На ўсходзе краіны дзесяцігоддзямі тлее белуджскае паўстанне з выразнымі рысамі суніцкага джыхадызму. У рэгіёне адбываліся маштабныя выбухі, у тым ліку ў шыіцкіх мячэцях.

На поўначы пражывае шматлікае курдскае насельніцтва, дзе дзейнічаюць радыкальныя дысідэнцкія рухі — частка з іх узброеная, частка звязаная з рознымі структурамі курдскай палітычнай сцэны, у тым ліку з забароненай у Турцыі Рабочай партыяй Курдыстана (РПК). Курдскія гарады былі сярод найбольш актыўных цэнтраў апошніх антыўрадавых пратэстаў.

Акрамя таго, у Іране ёсць арабскія рэгіёны — пераважна шыіцкія, але часткова і суніцкія, — а таксама значная азербайджанская шыіцкая супольнасць, якая ў асноўным інтэграваная ў агульнанацыянальнае жыццё, хоць і не цалкам.

Аўтары The Times заўважаюць: калі ў выніку бесперапынных бамбардзіровак будуць знішчаны паліцэйскія ўчасткі, штабы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і іншыя структуры бяспекі, у Іране ўтворыцца вакуум улады. У такіх умовах апазіцыя і сепаратысцкія фракцыі могуць перайсці да адкрытага гвалту. Замест празаходняй дэмакратыі свет рызыкуе атрымаць тэрыторыю некіраванага хаосу, дзе розныя радыкальныя групоўкі будуць змагацца за кантроль над руінамі былой ісламскай рэспублікі.

Чытайце таксама:

Па доме часовага Вярхоўнага лідара Ірана нанесены ракетны ўдар

Белы дом абвясціў асноўныя мэты аперацыі супраць Ірана

Каб забіць Хаменеі, ізраільская разведка ўзламала дарожныя камеры ў Тэгеране і адключыла вышкі мабільнай сувязі

Каментары да артыкула