БЧ зноў адпраўляе швейцарскія і польскія цягнікі на тэхагляд і замяняе іх цеплавозамі
Беларуская чыгунка паведамляе, што зноў адправіць швейцарскія электрычкі Stadler (цягнікі міжрэгіянальных ліній ЭПМ) і польскія дызель-цягнікі PESA (цягнікі рэгіянальных ліній ДП-3) на тэхагляд.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Office Life
У паведамленні БЧ гаворыцца так:
«У сувязі з узніклай неабходнасцю правядзення пазапланавага тэхнічнага агляду цягнікоў серыі ЭПМ і ДП-3 асобныя цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа будуць ісці саставамі, сфарміраванымі з вагонаў лакаматыўнай цягі».
Гэта значыць, сучасныя хуткасныя саставы заменяць на электравозы і цеплавозы з прычапнымі вагонамі.
Замене падвергнуцца гэтыя маршруты:
- з 6 па 8 сакавіка: цягнік №733 Мінск — Брэст адпраўленнем з Мінска ў 17.21 і прыбыццём у Брэст у 21.06;
- з 7 па 9 сакавіка: цягнік №734 Брэст — Мінск адпраўленнем з Брэста ў 6.34 і прыбыццём у Мінск у 10.41;
- з 6 па 12 сакавіка: цягнікі №705 Полацк — Магілёў адпраўленнем з Полацка ў 7.11 і прыбыццём у Магілёў у 10.48 і №706 Магілёў — Полацк адпраўленнем з Магілёва ў 17.20 і прыбыццём у Полацк у 20.52.
У сувязі з неабходнасцю забеспячэння рассадкі пасажыраў можа часова адсутнічаць магчымасць набыцця праязных дакументаў на гэтыя цягнікі ў сістэмах і пунктах продажу БЧ. Трэба перыядычна адсочваць абноўленую інфармацыю ў адзіным раздзеле «Паслугі пасажырам» афіцыйнага інтэрнэт-сайта Беларускай чыгункі і ў мабільным дадатку «БЧ. Мой цягнік».
Пасажырам, якія раней набывалі праязныя дакументы на названыя цягнікі, будзе вернута розніца ў кошце праезду пры звароце ў білетныя касы Беларускай чыгункі.
У пачатку лютага некаторыя цягнікі бізнэс-класа вытворчасці польскай кампаніі PESA ў кірунку Віцебска і Магілёва ўжо часова замяняліся на саставы з цеплавозамі. Пасля такая сітуацыя паўтаралася з іншымі цягнікамі.
Тады афіцыйнай прычынай называлі нібыта няздольнасць заходняй тэхнікі працаваць у суровых умовах беларускага надвор'я.
Чытайце таксама:
Сучасныя цягнікі з Мінска ў Віцебск і Магілёў мяняюць на старыя
БЧ: Польскія цягнікі не вытрымалі вялікіх маразоў. Але магчыма гэта няпраўда
Беларуская чыгунка вяртае польскія цягнікі на маршруты паміж Мінскам і Віцебскам