БЕЛ Ł РУС

Кітай стварыў электрабатарэю, якая можа даваць запас ходу да 1000 кіламетраў

5.03.2026 / 20:15

Nashaniva.com

Кітайскія навукоўцы абвясцілі пра прарыў у галіне акумулятараў для электрамабіляў: распрацаваная новая літыевая батарэя з удзельнай энергаёмістасцю больш за 700 Вт·гадз/кг, што амаль у тры разы перавышае паказчыкі большасці сучасных серыйных акумулятараў. Паводле даследавання, апублікаванага ў часопісе Nature, такая тэхналогія можа дазволіць электрамабілям праязджаць больш за 1000 кіламетраў на адной зарадцы.

Фота: arenaev.com

Праект узначалілі прафесар Чжаа Цын і акадэмік Чэнь Цзюнь з Нанькайскага ўніверсітэта разам з Лі Юнам з Шанхайскага інстытута касмічных крыніц энергіі. Яны адзначаюць, што энергаёмістасць і стабільнасць пры нізкіх тэмпературах застаюцца ключавымі перашкодамі для масавага пераходу на электратранспарт.

Сёння найлепшыя літый-іённыя батарэі ў серыйных аўтамабілях маюць каля 250—255 Вт·гадз/кг, а цвёрдацельныя рашэнні — прыкладна 400—500 Вт·гадз/кг. Новая распрацоўка пераўзыходзіць гэтыя паказчыкі і тэарэтычна адкрывае магчымасць значна павялічыць запас ходу без павелічэння вагі акумулятарнага блока.

Асноўныя змены закранулі электраліт — вадкасць унутры батарэі, якая забяспечвае рух іёнаў літыю. Замест традыцыйнай сумесі выкарыстаны новы тып вадкага электраліту на аснове фтарыраваных растваральнікаў. Гэта павысіла іённую праводнасць, стабільнасць і палепшыла працу пры марозе.

У лабараторных выпрабаваннях пры тэмпературы мінус 50°C батарэя захавала энергаёмістасць амаль 400 Вт·гадз/кг. Даследчыкі лічаць, што такая тэхналогія мае вялікі патэнцыял не толькі для транспарту, але і для робатаў ды тэхнікі ў палярных рэгіёнах, а таксама для аэракасмічнай і авіяцыйнай галіны.

Пакуль, праўда, гаворка ідзе толькі пра ўзровень асобнага элемента, а тэрміны камерцыйнага ўкаранення не называюцца.

Чытайце таксама:

За два гады колькасць электракараў павялічылася больш чым у чатыры разы. А што з зараднымі станцыямі?

Кітай забараняе «нябачныя» клямкі ў аўтамабілях

Кітайцы прарэкламавалі, як хвацка іх электракар сам скідае з сябе снег. Беларусы праверылі

У Беларусі вырастуць цэны на некаторыя аўтамабілі, а выбар стане меншым. Вось чаму

Кітайскія аўтамабілі-гібрыды моцна апраменьваюць карыстальнікаў

Каментары да артыкула