БЕЛ Ł РУС

«З гендарнай дыскрымінацыяй баброў скончана». Каля Бабруйскай крэпасці паставілі скульптуру бабровай пары

8.03.2026 / 23:38

Nashaniva.com

У Бабруйскай крэпасці з’явілася новая тэматычная скульптура — пара баброў. Яе паставілі каля парахавога склада на вуліцы Карла Апермана, 15, побач з крамай «Спадарожнік». Скульптура паказвае бабра ў вайсковым мундзіры XIX стагоддзя разам з яго спадарожніцай-бабрыхай у святочным уборы, піша выданне Bobr.by.

Аўтар ідэі Леанід Каваленка адзначыў, што ў Год беларускай жанчыны ў Бабруйску з’явілася першая жаночая выява гарадскога талісмана — бабра, а таксама першая скульптура, якая паказвае сямейную пару баброў. Паводле яго слоў, так сімвалічна «скончылася гендарная дыскрымінацыя» сярод бабровых скульптур.

Новых баброў паставіла прыватнае прадпрыемства «XIX стагоддзе», якое працуе ў сферы турызму. Патрыятычную частку дзейнасці кампаніі фактычна выконвае сямейная каманда — бацька і два сыны Каваленкі. Яны таксама займаюцца аднаўленнем парахавога склепа, каля якога цяпер стаіць скульптура.

Усталяванне новага арт-аб’екта павінна звярнуць увагу да тэрыторыі цытадэлі. Са скульптурай ужо можна фатаграфавацца, але яе ўрачыстае адкрыццё запланавана на наступны тыдзень. На цырымонію запрошана кіраўніцтва горада, таксама будзе выступаць вайсковы аркестр 147‑га зенітнага ракетнага палка.

Чакаецца і тэатралізаваная частка: з’явіцца «камендант крэпасці» з XIX стагоддзя разам з дамамі і вайскоўцам імператарскайарміі. Вобраз бабрыхі зроблены па матывах карціны расійскага мастака Івана Крамскога «Невядомая».

Парахавы склад, каля якога стаіць скульптура, нядаўна пачалі аднаўляць. Пад кантролем Міністэрства культуры адрамантавалі сцены і каменны пояс будынка. Наступным этапам стане аднаўленне фальцаванага даху, які быў пасля будаўніцтва склада.

Са слоў аднаго з удзельнікаў праекта Дзмітрыя Каваленкі, рэстаўрацыя ідзе не так хутка, як планавалася. Аднак найбліжэйшай падзеяй стане стварэнне да 9 мая фотазоны каля парахавога склада. Там плануюць выставіць два рэтрааўтамабілі — ГАЗ М-20 «Пабеда» і ГАЗ-12 ЗІМ.

Чытайце таксама:

Памятаеце легендарную Бабу Раю, якая вяла інстаграм Камароўкі? Яна знікла — справу працягвае яе «ўнучка»

Галоўны мост Магілёва хочуць назваць у гонар савецкага разведчыка. Але ёсць гістарычная нестыкоўка

Дзе ў Мінску можна ўбачыць скульптуры коней — сімвалаў 2026 года

У Століне студэнтка вылепіла са снегу вялікага цмока ФОТАФАКТ

Каментары да артыкула