Гісторыя66

Галоўны мост Магілёва хочуць назваць у гонар савецкага разведчыка. Але ёсць гістарычная нестыкоўка

Дняпроўскі мост, які магілёўцы дзесяцігоддзямі называлі па-рознаму, у хуткім часе можа атрымаць доўгую назву з сямі слоў: мост імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Яшына. З такой ініцыятывай выступіла мясцовая дэпутатка, атрымаўшы падтрымку ветэранскіх арганізацый і чыноўнікаў. Але ўся аргументацыя грунтуецца на савецкай мемарыяльнай дошцы, усталяванай не ў тым месцы. 

Дняпроўскі мост у Магілёве. Фота з сацсетак

Штуршком для афіцыйнага перайменавання, са слоў дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Галіны Бяляевай, сталі дыскусіі магілёўцаў у інтэрнэце. Гараджане даўно заблыталіся ў назвах: адны называюць мост «Пушкінскім» па назве праспекта, які па ім праходзіць, другія — «Дняпроўскім», трэція — «мостам з ільвамі» па скульптурах, якія з'явіліся ў часе апошняй рэканструкцыі, а нехта ўпэўнена называе яго «мостам Яшына» праз мемарыяльную дошку на пілоне.

Мемарыяльная дошка Мікалаю Яшыну на пілоне моста. 

Дэпутатка накіравала запыт у гарвыканкам і атрымала нечаканы адказ: юрыдычна з 1959 года галоўная пераправа горада носіць выключна тэхнічную назву — «Пуцеправод цераз раку Дняпро па праспекце Пушкіна». Мемарыяльная дошка Мікалаю Яшыну, усталяваная ў 1964 годзе, увесь гэты час проста інфармавала пра героя, але не азначала, што мост названы ў яго гонар, як пра тое лічыла дэпутатка. 

«Я звярнулася ў тапанімічную камісію з прапановай: калі мост не названы, давайце афіцыйна назавём яго імем Мікалая Яшына», — заявіла Бяляева. Паводле яе слоў, ініцыятыву ўжо падтрымалі ветэраны Кастрычніцкага раёна, абласны краязнаўчы музей і многія гараджане. Тапанімічная камісія прагаласавала за прапанову аднагалосна.

Геаграфічны парадокс: подзвіг быў, але ў іншым месцы

Пабудаваны да рэвалюцыі драўляны мост цераз Дняпро прастаяў да Другой сусветнай вайны. Фота: masheka.by

Аднак за высакародным парывам хаваецца сур'ёзная гістарычная нестыкоўка. Старшы лейтэнант Мікалай Яшын сапраўды гераічна загінуў пры вызваленні Магілёва, але яго баявы шлях аніяк не звязаны з гэтым мостам, як можна было б падумаць праз наяўнасць на ім памятнай шыльды і цяперашнюю прапанову. 

Разбураны Дняпроўскі мост у ліпені 1941 года. Фота: masheka.by
Разбураны Дняпроўскі мост у ліпені 1941 года. Фота: masheka.by
Разбураны Дняпроўскі мост у час вайны. Фота: masheka.by
Адноўлены немцамі Дняпроўскі мост. Фота: masheka.by

Пра Мікалая Яшына і яго подзвіг, за які ён быў уганараваны званнем Героя Савецкага Саюза, вядома няшмат. Ва ўсіх крыніцах паўтараецца адна і тая ж інфармацыя, што 27 чэрвеня 1944 года камандзір узвода разведкі 830‑га стралковага палка старшы лейтэнант Мікалай Яшын са сваімі байцамі пераправілася цераз Дняпро ў раёне вёскі Лупалава, правёў разведку боем, удакладняючы сістэму агню праціўніка, і загінуў у баі на наступны дзень.

Ні ў якім дакладна месцы разведчыкі пераправіліся цераз Дняпро, ні якім чынам гэта зрабілі, уплаў ці па мосце, ні нават у якім месцы быў забіты Яшын — нічога гэтага няма ў сціслай біяграфія героя вайны.

Наведзены немцамі мост цераз Дняпро ў раёне Лупалава. Зроблены 4 сакавіка 1944 года аэрафотаздымак паказвае цалкам выгаралае прадмесце. Фота: catalog.archives.gov
Нямецкі аэрафотаздымак, зроблены 10 ліпеня 1944 года, ужо пасля вызвалення горада савецкімі войскамі, паказвае, што разбураны стары мост так і не быў пакуль адноўлены, але мост у раёне Лупалава не толькі адноўлены, але побач таксама ўзведзены дадатковы. Фота: Wikimedia Commons
Разбураны Дняпроўскі мост на нямецкім аэрафотаздымку, зробленым 4 ліпеня 1944 года. Фота: Wikimedia Commons

Вядома што Дняпроўскі мост быў разбамбаваны савецкай авіяцыяй у маі 1943 года, пасля чаго зноў адбудаваны германскімі вайскоўцамі. Падчас акупацыі дзейнічала і іншая пераправа — нізкі мост у раёне цяперашняй вуліцы Чыгрынава, які злучаў цэнтр Лупалава з магілёўскім прадмесцем Падміколле.

Пры адступленні з горада ў чэрвені 1944 года немцы падарвалі ўсе пераправы цераз раку. Аэрафотаздымкі, зробленыя немцамі ў пачатку ліпеня 1944 года, пацвярджаюць, што галоўны гарадскі мост быў разбураны і яшчэ не адноўлены савецкімі войскамі, якія выкарыстоўвалі дзве пераправы у раёне Чыгрынава.

Яшын і яго ўзвод разведчыкаў не маглі ні скарыстацца мастом, ні адбіць яго, бо яго не існавала на момант вызвалення.

Данясенне ад 28 чэрвеня 1944 года са звесткамі пра гібель Мікалая Яшына на паўночна-ўсходняй ускраіне Магілёва. Фота: pamyat-naroda.ru

Згодна з данясеннем аб беззваротных стратах ад 28 чэрвеня 1944 года, Яшын загінуў на паўночна-ўсходняй ускраіне Магілёва, што мала стасуецца з цэнтральным размяшчэннем моста.

Сітуацыю праясняе агульнае апісанне аперацыі па вызваленні Магілёва. 

У ноч на 27 чэрвеня 1944 года перадавы батальён 843‑га стралковага палка з 238‑й стралковай дывізіі ўвайшоў у левабярэжную частку горада — Лупалава і завязаў бой з праціўнікам. У час бою немцы адступілі на правы бераг Дняпра, падарваўшы пры адыходзе аўтадарожны мост (маецца на ўвазе, верагодна, нізкі мост).

837‑ы стралковы полк, наступаючы ўздоўж Чавускай шашы, раніцай 27 чэрвеня года выйшаў у раёне аўтарамонтнага завода да разбуранага чыгуначнага моста.

Карыстаючыся густой смугой, што ляжала над Дняпром, узвод гвардыі лейтэнанта Краўчанкі стаў перабірацца па фермах моста, здолеўшы бясшумна зняць вартавых, размініраваць подступы да траншэі і закідаць яе гранатамі. Праціўнік адкрыў агонь з усіх відаў зброі, але смуга зменшыла яго дзейснасць.

Нягледзячы на тое, што чыгуначны мост цераз Дняпро быў таксама падарваны немцамі, яго фермавая канструкцыя захавалася і па ёй змаглі перабрацца перадавыя савецкія атрады. Нямецкі аэрафотаздымак, зроблены 10 ліпеня 1944 года. Фота: Wikimedia Commons
Чыгуначны мост цераз Дняпро, які злучае Лупалава з паўночна-ўсходняй ускраінай Магілёва і які быў задзейнічаны ў час аперацыі па вызваленні горада ў 1944 годзе. Фота: Wikimapia

А 12‑й гадзіне дня стралковы ўзвод лейтэнанта Замулаева і разведрота 830‑га стралковага палка пераправіліся на падручных сродках на заходні бераг Дняпра і адбілі ў праціўніка вёску Палавінны Лог. За імі пераправіліся на падручных сродках іншыя падраздзяленні палка.

Іншыя савецкія сілы пераправіліся цераз Дняпро на поўдзень ад горада, захапілі Буйнічы і навялі мост. А 22‑й гадзіне пачалося фарсіраванне ракі ў раёне Лупалава.

Між тым 830-ы, 837‑ы і 238‑ы стралковыя палкі, якія наступалі на Магілёў з паўночнага ўсходу, сустрэлі моцны супраціў праціўніка і панеслі вялікія страты. 

Увесь вечар і ноч у горадзе ішлі вулічныя баі, немцы арганізавалі шэсць контратак, спрабуючы прарвацца на захад. Аб 11‑й гадзіне савецкія войскі, які наступалі з розных канцоў, сустрэліся ў цэнтры горада.

Схема падзей, звязаных з вызваленнем Магілёва. Карта: Наша Ніва

З гэтай інфармацыі становіцца зразумела, што Яшын біўся на іншым участку, значна вышэй па цячэнні ракі, у раёне чыгуначнага моста, які існуе дагэтуль, і вёскі Палавінны Лог, размешчанай на паўночны ўсход ад цэнтра горада, што супадае са звесткамі з данясенняў. 

Савецкая памылка праз безвыходнасць

Чаму ж дошку павесілі менавіта на манументальным мосце, а не ў іншым месцы? У 1964 годзе Лупалава, моцна разбуранае і выпаленае вайной, усё яшчэ ўяўляла сабой раён, забудаваны выключна аднапавярховымі хатамі, без значнай мураванай забудовы. Чыгуначны мост увогуле пачынаў і канчаўся ў незабудаваных мясцовасцях. 

Адноўлены пасля вайны Дняпроўскі мост. Фота: masheka.by
Будаўніцтва новага бетоннага Дняпроўскага моста побач са старым. Каля 1959 года. Фота: masheka.by

Адзінай прыкметнай сувяззю гэтага раёна з Магілёвам быў новы бетонны мост, узведзены ў 1959 годзе, які і паслужыў парадным месцам для ўшанавання памяці, ігнаруючы геаграфію і логіку вызвалення Магілёва.

З 1970‑х гадоў Лупалава разбудавалася ў вялікі жылы раён, жылы масіў вырас таксама на паўночна-ўсходняй ускраіне горада — так што выбар, дзе можна было б павесіць дошку ў гонар Яшына, бліжэй да рэальнага месца подзвігу, даволі вялікі. Замест гэтага магілёўскія ўлады плануюць замацаваць савецкую памылку ў гарадской тапаніміцы.

Прыклад Віцебска і «ілжывая памяць»

Прысваенне мосту імя чалавека, удзельніка вызвалення горада, які ніяк з гэтай пераправай не звязаны, рызыкуе стаць прыкладам стварэння «ілжывай памяці».

Гэта асабліва кідаецца ў вочы пры параўнанні з суседнім Віцебскам. Там мост праз Дзвіну носіць імя Блахіна, і гэта гістарычна апраўдана: менавіта ўзвод Фёдара Блахіна ў 1944 годзе выратаваў ад падрыву канкрэтна гэты мост, а сам сяржант асабіста абясшкоджваў фугасы.

У Магілёве ж ігнаруецца больш як паўтара стагоддзя гісторыі перапраў на гэтым месцы, якая пачыналася яшчэ ў 1860 годзе як шэдэўр інжынера Ястржэмбскага, якая б магла даць адказ на тое, як правільней яго б было называць. Замест гэтага гісторыя моста падмяняецца гісторыяй разведчыка, які здзейсніў подзвіг у іншым месцы.

Ахвотныя выказацца «за» ці «супраць» могуць накіраваць свае меркаванні ў рэдакцыю газеты «Веснік Магілёва» (вул. Першамайская, 89) або на электронную пошту [email protected] з пазнакай «Грамадскае меркаванне».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Машека
    14.02.2026
    Уже больше 80-ти лет, как закончилась та война. Какие ветераны??? Назовите их персонально! Наверняка там хороводят отставники Советской армии, приехавшие в БССР на закате своей службы. Им всё не российское как кость в горле.
  • Горкая праўда
    14.02.2026
    Дзіўна? У краіне, якой народ нават пра постсавецкі рэжым піша фашызм. Беларусы не асудзілі камунізм і савецкую сістэму - вось вынік.
  • з’яўляюцца незаконнымі пасяленцамі згодна са Статутам ААН
    14.02.2026
    Машека, Так, яны з’яўляюцца незаконнымі пасяленцамі згодна са Статутам ААН, і незаконна (згодна са Статутам ААН) знаходзяцца на тэрыторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь. Цікава, а дэпутаты Магілева ведаюць што каланіялізм (ў тым ліку маскоўскі ) ў 2026 злачынства ?

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў79

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы пачаўся суд над бандай наркагандляроў, якіх расійскія спецслужбы наймалі для дыверсій. Сярод абвінавачаных трое беларусаў5

Месцамі да +13°С. Надвор'е на апошнія дні зімы2

Lamborghini адмяняе выпуск свайго першага электрамабіля: зусім няма попыту

Ліндсі Вон расказала, як яе нагу выратавалі ад ампутацыі

«Не мае значэння, ідзе гаворка пра Кіеў ці Валдай». Буданаў выказаўся супраць удараў па «палітычных цэнтрах»5

Заснавальніца Gutenberg: Калі прыйшла навіна пра смерць Цымберава, многія забылі пра асцярожнасць і раскрыліся8

Біл Гейтс прызнаўся ў шлюбных здрадах з расіянкамі і ў тым, што Эпштэйн яго гэтым шантажаваў13

Апошняя прадстаўніца Беларусі на «Еўрабачанні» спрабуе прадаць праз аўкцыён старыя джынсы7

Пасол Украіны паведаміла пра патрабаванне ЗША не наносіць удары па нафтавым тэрмінале ў Новарасійску2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў79

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць