БЕЛ Ł РУС

Падлетак з Барысава паехаў да сястры ў Мінск, і гэта шмат каштавала ягоным бацькам

9.03.2026 / 16:50

Nashaniva.com

Паездка падлетка з Барысава да сястры ў Мінск каштавала ягоным бацькам 24 тысячы беларускіх рублёў, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

У лістападзе 2025 года 16‑гадовы падлетак прыехаў у Мінск у госці да сястры, але з ёй так і не сустрэўся. Замест гэтага ён піў алкагольныя напоі з двума малазнаёмымі маладымі людзьмі.

Уначы пасля застолля падлетак залез на закрытую паркоўку на вуліцы Макаёнка і пачаў біць чужы аўтамабіль нагамі, рукамі, цэглай і іншымі прадметамі. Эксперты налічылі не менш за 40 удараў.

Акрамя таго, ён зламаў таблічкі з нумарамі парковачных месцаў і дарожны знак. Пасля гэтага падлетак залез у машыну праз разбітую шыбу і заснуў у салоне. Там яго і знайшоў уладальнік аўтамабіля разам з ахоўнікам.

Агульная сума шкоды склала больш за 24 тысячы беларускіх рублёў. Бацькі падлетка ўжо кампенсавалі гэтыя страты.

Суд прызнаў хлопца вінаватым у хуліганстве і пашкоджанні аўтамабіля і маёмасці арганізацыі, што прывяло да значнай матэрыяльнай шкоды. Падлетку прызначылі пакаранне ў выглядзе паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Чытайце таксама:

У Пінску мужчына пракалоў колы ў машыны суседа, бо той заняў расчышчанае ім месца на паркоўцы

Вучня шостага класа паставілі на ўлік за тое, што еў семкі. Бацька пайшоў у суд

У Мінску таксіст распыліў газ у твар удзельніку ДТЗ, які не вызваліў яму дарогу

Каментары да артыкула