Улады Ірана прызналі, што новы вярхоўны лідар паранены — пералом ступні і парэзы на твары
Міністэрства замежных спраў Ірана пацвердзіла, што новы вярхоўны лідар Маджтаба Хаменеі паранены, але адчувае сябе добра.
Фота: Morteza Nikoubazl/NurPhoto via Getty Images
Пра раненне Маджтабы Хаменеі спачатку напісала New York Times са спасылкай на іранскія крыніцы. Тады паведамлялася пра раненне ног.
CNN паведаміла, што ў 56‑гадовага Маджтабы Хаменеі пералом ступні, а таксама сіняк каля левага вока і невялікія парэзы на твары. Раней ізраільская крыніца сцвярджала, што ён быў паранены падчас замаху на яго жыццё.
Пасол Ірана на Кіпры Алірэза Саларыян заявіў, што Хаменеі атрымаў раненні падчас таго ж авіяўдару, у выніку якога загінуў ягоны бацька — 86‑гадовы былы вярхоўны лідар аятала Алі Хаменеі — разам яшчэ з пяццю членамі сям’і.
З моманту абвяшчэння 9 сакавіка пра яго абранне вярхоўным лідарам Маджтаба Хаменеі не з’яўляўся публічна. Паводле дыпламата, гэта можа тлумачыцца яго траўмамі. Пры гэтым сын прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна заявіў, што новы кіраўнік краіны знаходзіцца ў бяспецы і сур’ёзных прычын для клопату адносна яго стану няма.
Іранскія дзяржаўныя СМІ пакуль выкарыстоўваюць архіўныя відэа з удзелам Маджтабы Хаменеі, а таксама выявы, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту.
Чытайце таксама:
Стала вядома, якія траўмы атрымаў новы вярхоўны лідар Ірана
Новы вярхоўны лідар Ірана можа не з’яўляцца на публіцы з-за раненняў
Лукашэнка павіншаваў Маджтабу Хаменеі з абраннем Вярхоўным лідарам Ірана