БЕЛ Ł РУС

Караль Наўроцкі наклаў вета на атрыманне крэдыту для мадэрнізацыі польскай арміі. Ва ўрадзе незадаволеныя

13.03.2026 / 17:50

Nashaniva.com

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі наклаў вета на закон, які прадугледжваў атрыманне вялікага еўрапейскага крэдыту для мадэрнізацыі польскай арміі. Раней гэты дакумент ужо падтрымалі абедзве палаты парламента, піша Onet.pl.

Караль Наўроцкі. Фота: Mateusz Slodkowski / Getty Images

Прыняты парламентам закон павінен быў дазволіць Польшчы атрымаць каля 43—44 мільярдаў еўра ў межах еўрапейскай праграмы SAFE. Гэтыя грошы планавалася выкарыстаць для развіцця і ўзбраення польскіх узброеных сіл.

Караль Наўроцкі, аднак, заявіў, што не падпіша закон, бо лічыць яго небяспечным для краіны. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра вялікі замежны крэдыт на 45 гадоў у замежнай валюце. Ён падкрэсліў, што выплата працэнтаў можа каштаваць каля 180 мільярдаў злотых (42,18 мільярда еўра), і ў выніку Польшчы давядзецца вярнуць суму, якая амаль удвая перавышае атрыманыя сродкі. На яго думку, такі доўг стане цяжарам для будучых пакаленняў.

Паводле плана ўрада, каля 89% сродкаў маглі б атрымаць польскія абаронныя прадпрыемствы. Грошы павінны былі пайсці на сістэмы супрацьпаветранай абароны, барацьбу з беспілотнікамі, развіццё дронаў, а таксама на вытворчасць зенітных комплексаў «Пярун», радыёлакацыйных сістэм, бранятэхнікі, мінамётаў «Рак», гаўбіц «Краб» і іншых відаў вайсковай тэхнікі.

Рашэнне прэзідэнта выклікала рэзкую крытыку з боку ўрада. Прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў, што кіраўнік дзяржавы страціў магчымасць праявіць сябе як патрыёт. Урад ужо абвясціў пра пазачарговае пасяджэнне і заявіў, што шукае спосаб абысці прэзідэнцкае вета і ўсё ж атрымаць фінансаванне.

Міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш таксама адзначыў, што гэтае рашэнне шкодзіць бяспецы краіны, але ўрад будзе шукаць альтэрнатыўныя шляхі для мадэрнізацыі арміі.

Чытайце таксама:

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю

Марына Гірын, якая ўсё ж трапіла да прэзідэнта Польшчы, абурылася, што яму падарылі ляльку з анучы

Ціханоўская падарыла Наўроцкаму некалькі кніг на беларускай мове. Якія?

Каментары да артыкула