Чаму закрыўся гарналыжны комплекс «Лагойск»
Сталі вядомыя падрабязнасці закрыцця гарналыжнага комплексу «Лагойск», які спыняе працу 31 сакавіка. «Мінская праўда» звязалася ў сувязі з гэтай навіной з намеснікам старшыні Лагойскага райвыканкама па эканоміцы Аляксандрам Бойкам і атрымала ад яго каментарый аб гэтай сітуацыі.
Гарналыжны комплекс «Лагойск». Здымак ілюстрацыйны. Фота: gomeltourist.by
Па словах чыноўніка, комплекс з’яўляецца прыватным праектам, і яго ўладальнікі прынялі рашэнне спыніць дзейнасць праз фінансавыя цяжкасці. Паводле іх аргументацыі, яны ўжо не могуць несці выдаткі на ўтрыманне аб’екта, таму плануюць прадаць яго, каб разлічыцца з крэдыторамі і выканаць свае абавязацельствы.
Прадстаўнік Лагойскага райвыканкама паведаміў, што ўлады атрымалі афіцыйнае паведамленне пра закрыццё. Таксама стала вядома, што комплекс арыштаваны па рашэнні суда і будзе прадавацца праз сістэму прымусовага выканання.
Пры гэтым адзначаецца, што супрацоўнікі курорта без працы не застануцца — ім абяцаюць прапанаваць іншыя вакансіі ў рэгіёне.
Юрыст кампаніі «Трайпл», якой належыць гэты комплекс, каментаваць сітуацыю адмовіўся.
«Лагойск» быў адкрыты ў студзені 2004 года і стаў адным з першых сучасных гарналыжных цэнтраў краіны. Комплекс належыць раней набліжанаму да Лукашэнкі, а цяпер апальнаму бізнэсмену Юрыю Чыжу.
У 2023 годзе аб’ект спрабавалі выставіць на таргі, аднак купца тады знайсці не ўдалося.
Чытайце таксама:
Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы
А-100 выкупіла тры запраўкі «Трайпла»
У справе «Трайпла» з'явіўся новы паварот
Сынам Чыжа Літва дала грамадзянства. Але яны пасля самі яго адракліся