БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз адклаў разгляд прапановы пра поўную забарону на імпарт расійскай нафты

24.03.2026 / 21:12

Nashaniva.com

Еўракамісія планавала прадставіць законапраект аб поўнай адмове ад расійскай нафты ў сярэдзіне красавіка, але цяпер канкрэтнай новай даты няма, хоць ад самой ідэі не адмаўляюцца, паведамляе Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Janos Kummer / Getty Images

Галоўная прычына сітуацыі, якая склалася — нестабільнасць на энергетычным рынку, выкліканая вайной на Блізкім Усходзе. З-за гэтага цэны на нафту выраслі (больш за 100 даляраў за барэль), і ў такіх умовах уводзіць новыя жорсткія меры пакуль складана.

Дадатковым фактарам стала напружанасць у адносінах з Венгрыяй і Славакіяй, якія працягваюць купляць расійскую нафту і залежаць ад яе паставак праз трубаправод «Дружба».

На рашэнне таксама паўплывала сітуацыя вакол Ірана: ваенныя дзеянні і пагроза блакавання Армузскага праліва, праз які ідзе значная частка сусветных паставак нафты і газу, яшчэ больш узрушылі рынак. Нават заявы пра магчымыя перамовы паміж ЗША і Іранам выклікалі ваганні цэнаў.

Пры гэтым ЗША часткова аслабілі санкцыі супраць расійскай нафты, што выклікала незадаволенасць у Еўропе.

Але ў ЕС падкрэсліваюць: адкладанне — гэта не адмова ад планаў. Там лічаць, што вяртанне да расійскіх энергарэсурсаў у будучыні будзе сур’ёзнай стратэгічнай памылкай.

Асобная праблема — пазіцыя Венгрыі і Славакіі. Яны ўжо маюць выключэнні з дзейных санкцый і пагражаюць судовымі пазовамі, калі новыя абмежаванні будуць уведзеныя. Акрамя таго, паміж гэтымі краінамі і Украінай ідзе спрэчка вакол працы трубаправода «Дружба»: Кіеў заяўляе пра яго пашкоджанне, а Будапешт і Браціслава лічаць, што пастаўкі спыненыя па палітычных прычынах.

Гэты канфлікт таксама тармозіць іншыя рашэнні, у тым ліку выдзяленне Украіне вялікага фінансавага пакета дапамогі.

Чытайце таксама:

Калі вайна ў Іране найбліжэйшым часам не скончыцца, свет можа ўступіць у наймацнейшы энергакрызіс з 1970‑х гадоў

«Ніводнай малекулы». Еўракамісія не збіраецца адступаць ад палітыкі адмовы ад расійскіх рэсурсаў

Пуцін прапанаваў Еўропе зноў купляць у яго нафту і газ

Фіца гатовы замяніць Орбана ў блакаванні 90 мільярдаў еўра для Украіны, калі той прайграе выбары

Еўрасаюз не патрабуе ад Украіны хутка рамантаваць нафтаправод «Дружба»

Каментары да артыкула