Японец, які адседзеў у беларускай турме, напісаў пра гэта кнігу. Ён расказаў, чаму ім зацікавіліся сілавікі
Японец Кій Тэруі выпусціў кнігу пра тое, як ён трапіў у беларускую турму і прайшоў допыты КДБ праз сваю цікавасць да цягнікоў. На яе ўжо адрэагавала беларуская прапаганда, піша «Люстэрка».
Кніга «Турэмныя запіскі пра «вучобу» ў Беларусі», Кій Тэруі. Фота: shopping.jreast.co.jp
Датай выхаду кнігі «Турэмныя нататкі пра «вучобу» ў Беларусі» аўтара Кій Тэруі пазначана 25 сакавіка 2026 года. Купіць яе можна на розных пляцоўках, у тым ліку на Amazon.
Аўтар у апісанні піша наступнае:
«Захапіўшыся фатаграфаваннем чыгунак на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, у снежні 2024 года я адправіўся ў Беларусь, апошнюю дыктатуру Еўропы, у пошуках новага аб’екта для здымкі. Маё захапленне абярнулася ўмяшаннем паліцыі. Падчас допыту спроба схаваць сувязь з сябрамі, каб не ствараць ім непрыемнасцяў, згуляла супраць мяне — мяне затрымалі, а затым адправілі ў турму. У адзіноце, знаходзячыся ў зняволенні і вывучаючы рускую мову, я разважаю: пра сваю гендарную ідэнтычнасць, пра адносіны з бацькам і пра жыццё ў цэлым. Гэта дзённік «турэмнага навучання» даўжынёй у 200 дзён. Дакументальнае эсэ».
У заўвазе рэдактара гаворыцца, што «фраза «затрыманы і зняволены ў турму за здымку цягнікоў у Беларусі» можа гучаць адназначна і выклікаць хутчэй негатыўную рэакцыю».
«Аднак шлях да гэтых падзей быў для аўтара поўны ўнутраных канфліктаў, і нават у зняволенні ён працягвае перажываць і сумнявацца. Галоўная сіла гэтай кнігі — у сумленным і адкрытым апісанні яго ўнутраных ваганняў і чалавечай уразлівасці. Акрамя таго, кніга каштоўная як сведчанне рэальнасці: у ёй падрабязна апісаныя ўмовы ўтрымання ў турме Беларусі, допыты ў КДБ і шлях да вызвалення праз памілаванне», — адзначае рэдактар.
Увечары 24 сакавіка на хуткі выхад кнігі адрэагаваў адзін з беларускіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў. Там твор не чыталі, але асудзілі. Аўтары мяркуюць, што кніга пра тое, як «карнікі схапілі і кінулі ў турму» японца Тэруі Ацукі. Са слоў прапагандыстаў, яго цікавілі «прымежныя гарады і вёскі з Украінай, а асаблівую «любоў» аўтар меў да цягнікоў». У выніку яго затрымалі, судзілі, а ў чэрвені 2025‑га памілавалі і выслалі з краіны.
Пра затрыманне грамадзян Японіі ў Беларусі паведамлялася ў 2024 годзе. Відаць, аўтар кнігі — гэта замежнік, якога затрымалі 1 снежня 2024‑га ў Калінкавічах. Японскія СМІ пісалі, што гэта можа быць трэвэл-блогер, аўтар блога «Этэру», які падарожнічаў па свеце і расказваў пра мясцовы транспарт і інфраструктуру. У апісанні блога пазначана, што «Этэру» захапляецца японскай поштай і чыгункамі за мяжой.
Як мінімум адзін грамадзянін Японіі быў сярод вызваленых і высланых за мяжу палітвязняў у снежні 2025 года.
Чытайце таксама:
Мікола Статкевіч павіншаваў беларусаў з Днём Волі, запісаўшы першае ВІДЭА пасля вызвалення
17 вызваленым у снежні 2025 года палітвязням нададзены статус міжнароднай абароны ў Польшчы
На экстранны збор на дапамогу вызваленым палітвязням сабрана ўжо 80 тысяч еўра