БЕЛ Ł РУС

У Крэўскім замку будуць ствараць музей

27.03.2026 / 21:12

Nashaniva.com

У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі падчас круглага стала «Актуальныя праблемы даследавання, рэстаўрацыі і музеефікацыі Крэўскага замка» эксперты прадставілі вынікі апошніх археалагічных работ, а таксама расказалі, якім стане Крэўскі замак пасля завяршэння работ.

Крэўскі замак у час рэканструкцыі. Фота: Яндэкс Карты

Першы этап рэстаўрацыі замка, мэтай якога было захаванне аўтэнтычных фрагментаў, што дайшлі да сучаснасці праз стагоддзі, ужо паспяхова завершаны. Па словах кіраўніцы аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяны Ражавай, цяпер перад спецыялістамі стаіць новая амбіцыйная задача.

«Мы хочам зрабіць замак не проста каменнымі сценамі, а жывым аб’ектам, дзе турысты змогуць адкрыць для сябе шмат новага. Наша мэта — каб Крэўскі замак працаваў на развіццё гісторыі і патрыятызму. Мы запрашаем экспертаў да сумеснай працы над стварэннем музея, які неўзабаве павінен з’явіцца ў Крэве», — сказала прадстаўніца райвыканкама.

Пра непасрэдны ход работ расказала галоўная архітэктарка праекта праектнага філіяла «Белрэстаўрацыя» Алена Карлянок. Па яе словах, даследаванні 2025 года цалкам пацвердзілі здагадкі архітэктараў.

«Намі была знойдзена трэцяя вежа замка. Раскапаны контур збудавання з магутнымі падмуркамі і скляпеністымі перакрыццямі. Акрамя таго, у непасрэднай блізкасці ад яе выяўленая малая ніжняя брама. Счасаныя камяні дазволілі нам дакладна вызначыць яе габарыты, а знойдзеныя па баках збудаванні сведчаць пра сістэму абароны гэтага ўезду», — патлумачыла Алена Карлянок.

Графік работ ужо вызначаны. У красавіку праектная дакументацыя будзе пададзена на дзяржаўную экспертызу. Будаўніча-мантажныя работы плануецца пачаць летам.

«Мы разлічваем завяршыць будаўніча-мантажныя работы да канца бягучага года. Адразу пасля гэтага паўстане задача музеефікацыі памяшканняў і стварэння пастаяннай музейнай экспазіцыі», — дадала архітэктарка праекта.

Чытайце таксама:

Магчыма, менавіта тут была вязніца Кейстута. Археолаг прыадкрывае сакрэты Крэўскага замка

На раскопках у Крэўскім замку знайшлі некалькі кукуцяў. Што гэта такое?

Падчас раскопак у Крэўскім замку выявілі цікавую асаблівасць падмурка

Створана мастацкая 3D рэканструкцыя Крэўскага замка

«Малая брама будзе вельмі цікавай і адэкватнай». Археолагі падводзяць вынікі сёлетніх раскопак на Крэўскім замку і строяць планы на наступны сезон

Каментары да артыкула