БЕЛ Ł РУС

На мяжы правядуць двухмесячны эксперымент па паскарэнні мытнага афармлення

27.03.2026 / 22:41

Nashaniva.com

З 30 сакавіка ў пунктах пропуску «Казловічы», «Бераставіца» (абодва на мяжы з Польшчай) і «Грыгараўшчына» (на мяжы з Латвіяй) пачнецца эксперымент, скіраваны на паскарэнне мытных працэдур і паляпшэнне ўзаемадзеяння паміж бізнэсам і мытнымі органамі.

Фота ілюстрацыйнае

Сутнасць эксперымента ў тым, што ўдзельнікам знешнеэканамічнай дзейнасці прапануюць падаваць дакументы ў электронным выглядзе — гэта могуць быць транспартныя дакументы, рахункі-фактуры і іншыя паперы, якія суправаджаюць груз і прыкладаюцца да электроннай транзітнай дэкларацыі.

Гэтая магчымасць рэалізавана праз агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму ў межах спецыяльнай электроннай паслугі для перадачы дакументаў мытным органам.

Каб узаемадзеянне было больш зручным і эфектыўным, бізнэсу рэкамендуюць адразу накіроўваць поўны пакет адсканаваных дакументаў — у тым ліку спецыфікацыі, упаковачныя лісты і іх пераклады. Файлы павінны быць якаснымі і чытэльнымі, у фарматах PDF або TIFF з выкарыстаннем распазнавання тэксту (OCR).

Эксперымент будзе доўжыцца да 31 мая 2026 года.

Чытайце таксама:

Імпарт аўто прыватнікамі расце, а ў дылераў — падзенне продажаў. Таму дылеры хочуць, каб было, як у Расіі

Мінск выдае за «зніжкі» звычайныя тарыфы «Белмытсэрвіса». Колькі заплацяць за прастой фур літоўскія перавозчыкі?

У красавіку адкрыюць абноўленую зону чакання на мяжы ў Брэсце ФОТЫ

Каментары да артыкула