БЕЛ Ł РУС

Анархісту Мікіту Дранцу дадалі год зняволення

31.03.2026 / 20:21

Nashaniva.com

Мікіта Дранец павінен быў выйсці на свабоду ў пачатку сакавіка пасля заканчэння шасцігадовага тэрміну, але ў студзені адбылося новае судовае пасяджэнне, піша тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».

Мікіта Дранец

Мікіту Дранца абвінавацілі па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса — за нібыта «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». У выніку суд вырашыў падоўжыць яму тэрмін яшчэ на год.

Да гэтага Дранец ужо правёў як мінімум чатыры месяцы ў памяшканні камернага тыпу ў шклоўскай калоніі №17.

Цяпер 27‑гадовага жыхара Бярозы Мікіту Дранца затрымалі 2 сакавіка 2021 года ў межах крымінальнай справы супраць актывістаў анархісцкага руху з Брэсцкай вобласці. Яму былі выстаўленыя абвінавачванні ў арганізацыі або ўдзеле ў групавых дзеяннях, што парушаюць грамадскі парадак, а таксама ва ўдзеле ў нібыта злачыннай арганізацыі.

Пасля затрымання яго перавезлі ў Мінск і змясцілі ў СІЗА №1. У студзені 2022 года матэрыялы справы перадалі ў пракуратуру — уся справа так званага «Рэвалюцыйнага дзеяння» складалася з вельмі вялікай колькасці тамоў.

У красавіку 2022 года пачаўся судовы працэс у Мінскім гарадскім судзе, але яго зрабілі закрытым, спаслаўшыся на наяўнасць матэрыялаў «экстрэмісцкага характару».

У верасні 2022 года суд вынес прысуд: 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф. Пасля гэтага ў 2023 годзе яго этапавалі ў калонію ў Віцебску, а пазней, у 2025 годзе, перавялі ў Шклоўскую калонію.

Усяго па той справе праходзілі дзесяць палітзняволеных — каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, палітзняволеныя актывісты анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Аляксандр Казлянка, Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Андрэй Марач, Даніла Чуль.

Абвінавачаныя атрымалі тэрміны ад 17 да 5 гадоў. З іх, акрамя Мікіты Дранца, працягваюць адбываць пакаранне Аляксей Галаўко (атрымаў 12 гадоў) і Аляксандр Францкевіч (атрымаў 17 гадоў). Астатнія ці ўжо адбылі ўвесь тэрмін і выйшлі на свабоду, ці былі вызваленыя па памілаванні ў выніку здзелкі Аляксандра Лукашэнкі з амерыканцамі і прымусова выдвараныя за мяжу.

Чытайце таксама:

Прапагандыстка з энтузіязмам рыхтавалася затрымліваць з ГУБАЗіКам анархістаў, але атрымала іншае заданне

Затрымалі групу анархістаў

На свабодзе Марфа Рабкова

Каментары да артыкула