Грамадства11

На свабодзе Марфа Рабкова

Праваабаронца знаходзілася за кратамі з верасня 2020 года. Суд, які адбыўся ў верасні 2022 года, прысудзіў ёй 15 гадоў калоніі.

Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак

Марфа Рабкова знаходзіцца ў групе з палітвязняў, якія былі вызваленыя 19 сакавіка, паведаміла «Вясна».

Каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» была затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіКа ў Мінску 17 верасня 2020 года, калі вярталася з уручэння «Вясне» прэміі Яна Карскага. Дома ў яе правялі ператрус, а Марфу разам з мужам Вадзімам затрымалі і даставілі ў ГУБАЗіК. Першапачаткова ёй выставілі абвінавачанне толькі па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — за арганізацыю валанцёраў-назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Пазней абвінавачанне істотна пашырылі і дадалі: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (прыгатаванне і наўмыснае стварэнне ўмоў для ўдзелу ў масавых беспарадках); ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 361‑1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання); ч. 1 арт. 285 (кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй); ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці групай асоб); ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства); ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства); арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці); ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, здзейсненае арганізаванай групай); ч. 2 арт. 295‑3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, здзейсненыя групай асоб).

Следства сцвярджала, што з 2005 па 2020 год неўстаноўленыя асобы пры ўдзеле анархіста Аляксандра Францкевіча і праваабаронцы Марфы Рабковай аб’ядналі «шэраг арганізаваных злачынных груп»: «Рэвалюцыйнае дзеянне», «Народная самаабарона» і «Революційна дія».

Гэтыя аб’яднанні, паводле версіі следства, увайшлі ў склад «міжнароднай злачыннай арганізацыі» ў якасці яе структурных падраздзяленняў. Францкевіч і Рабкова, як сцвярджае следства, нібыта былі арганізатарамі падпалу падатковай інспекцыі Гомельскага раёна ў сакавіку 2017 года з выкарыстаннем «кактэйляў Молатава».

Суд над Рабковай і яшчэ дзевяццю палітвязнямі пачаўся ў красавіку 2022 года і праходзіў у закрытым рэжыме.

За час утрымання пад вартай яшчэ да суда ў Марфы памерлі бабуля і бацька, назіраліся праблемы са здароўем. Следчыя неаднаразова прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва: за прызнанне віны ёй абяцалі змяніць меру стрымання і адпусціць да хворых бацькоў. Але Марфа заставалася прынцыповай у сваёй пазіцыі. Сваю віну яна не прызнала.

Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка 2022 года. Скрын відэа

У верасні 2022 года суд прызначыў жанчыне пакаранне ў выглядзе 14 гадоў і 9 месяцаў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Тэрмін яна адбывала ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі. На волі яе чакаў муж.

У сакавіку 2023 года Марфа была ўнесена ў «спіс тэрарыстаў», а ў маі таго ж года — у «спіс экстрэмістаў».

Будучая праваабаронца нарадзілася 6 студзеня 1995 года ў Добрушы. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 2012 годзе паступіла на спецыяльнасць «біялогія і геаграфія» ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (Мінск). Увосень 2015 года дзяўчыну затрымалі на невялікім маршы каля будынка ўніверсітэта. З-за гэтага перад зімовай сесіяй у пачатку 2016 года кіраўніцтва ўніверсітэта прымусіла Марфу забраць дакументы з апошняга курса.

У 2017 годзе дзяўчына спрабавала аднавіцца на тую ж спецыяльнасць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова, але беспаспяхова. У тым жа годзе яна паступіла ў ЕГУ на спецыяльнасць «міжнароднае права».

Паралельна з вучобай Марфа некалькі гадоў была валанцёркай, а ўвосень 2019 года стала сябрам Праваабарончага цэнтра «Вясна» і каардынатаркай валанцёрскай службы арганізацыі.

Пры яе актыўным удзеле былі арганізаваныя дзясяткі назіранняў за мірнымі сходамі грамадзян, праведзены маніторынг больш як 100 судовых пасяджэнняў па адміністрацыйных справах у дачыненні да затрыманых удзельнікаў мірных акцый, арганізоўваліся трэнінгі для новых валанцёраў.

У 2020 годзе Марфа Рабкова займалася наборам і навучаннем назіральнікаў для кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

З пачаткам масавых рэпрэсій падчас выбарчай кампаніі яна актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі дапамогі рэпрэсаваным актывістам і іх сем’ям, брала ўдзел у дакументаванні сведчанняў ахвяраў катаванняў затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту. А 17 верасня была затрыманая сама.

Каментары1

  • Ёсік
    19.03.2026
    за арганізацыю валанцёраў-назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Божухна, дзе ў нармалёвых краінах за такое могуць пазбавіць волі? Лукашэнка, твае памагатыя прызналі, што грамадзян асуджаюць па надуманых артыкулах. Суддзяў за такое на пажыцьцёвае - сколькі лёсаў паламалі.

Цяпер чытаюць

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч36

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Усе навіны →
Усе навіны

«Прафесійныя спартсмены кансультуюцца са мной». Беларускі тэлекаментатар схуднеў на 50 кілаграмаў7

Ва Удмурціі адбіваюць самую масіраваную атаку БПЛА2

«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі4

ГУР знішчыла пускавую ўстаноўку С-400 у Крыме і РЛС1

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы1

У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios3

Беларуска адкрыла школу для сляпых дзяцей у індыйскай глыбінцы2

Уначы Белгарад быў атакаваны беспілотнікамі1

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і залеў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч36

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць