Прапагандыстка з энтузіязмам рыхтавалася затрымліваць з ГУБАЗіКам анархістаў, але атрымала іншае заданне
«Нават закінула ў багажнік спартыўную форму і берцы, ну, на ўсялякі выпадак, раптам не справяцца — дапамагу, вядома!»

Прапагандыстка «Мінскай праўды» Марына Субота часта ў з'едлівай манеры расказвае пра беларускую апазіцыю ці «загніваючы Захад». Але і дапытваць затрыманых не грэбуе. Яна апісала свой сумесны выезд з ГУБАЗіКам.
Марына Субота расказвае, што супрацоўнік 10 упраўлення ГУБАЗіК, па Мінскай вобласці, прапанаваў ёй паўдзельнічаць у затрыманні групы анархістаў, якія «апаганілі памяць загінулых за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
«Не хаваю, узрадавалася я вельмі моцна, — дзеліцца яна. — Нават закінула ў багажнік спартыўную форму і берцы, ну, на ўсялякі выпадак, раптам не справяцца — дапамагу, вядома! Але ў той дзень не склалася».
Калі праз некалькі дзён Суботу зноў паклікалі на выезд, яна засмуцілася, што форму не ўзяла, а была ў спадніцы і на шпільках. Але затрымліваць людзей ёй не далі — заданне было зняць затрыманне на відэа.
Прапагандыстка не без гонару апісвае, як правяла допыт затрыманых.
«Я, выдыхнуўшы і трымаючы ў аб’ектыве затрыманага, дзелавіта падыходжу да яго.
— За што вы затрыманыя?
— За апаганьванне помніка героям Вялікай Айчыннай вайны, — адказвае зусім яшчэ юны хлопец.
— А навошта вы гэта зрабілі?
— Учынак, недастойны грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, — апускае галаву ён».

У выніку відэа прапагандыстка не запісала, бо забыла націснуць на кнопку. З-за чаго, піша, ледзь не заплакала, бо праваліла заданне.
Каментары