Камандзір РДК Дзяніс Капусцін даказваў Дудзю, што не яўрэй
Ён прынёс нават пасведчанне аб нараджэнні, каб паказаць нацыянальнасць бацькоў. Сям'я Капусціна, які цяпер камандуе Рускім добраахвотніцкім корпусам, калісьці пераехала ў Германію па яўрэйскай праграме.
Дзяніс Капусцін прапануе Юрыю Дудзю азнаёміцца з яго пасведчаннем аб нараджэнні. Скрын відэа: vdud / YouTube
Дзяніс Капусцін нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве, быў фанатам маскоўскага ЦСКА, ультраправым актывістам, займаўся спартовымі адзінаборствамі. Калі яму было 17 гадоў, ён разам з бацькамі пераехаў у Германію. З 2017 года Капусцін жыў ва Украіне, дзе ў 2022 годзе заснаваў Рускі добраахвотніцкі корпус. У Расіі завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення.
У вялікім інтэрв’ю з Капусціным Юрый Дудзь пацікавіўся, як у сям'і атрымалася з'ехаць у Германію.
«Афіцыйна — гэта яўрэйская лінія», — адказаў Капусцін.
«То-бок у цябе яўрэйская сям’я?», — удакладніў Дудзь.
«Не. У мяне руская сям’я», — запярэчыў Капусцін і ў якасці доказу працягнуў Дудзю сваё пасведчанне аб нараджэнні, прапанаваўшы агучыць нацыянальнасць яго бацькі і маці.
«Бацька — рускі, маці — руская», — прачытаў Юрый і зноў паўтарыў пытанне: «Але як жа вы з’ехалі? Ты ж сказаў — па яўрэйскай праграме».
«Не хацеў бы ўдавацца ў дэталі», — адказаў Капусцін.
Дудзь пагадзіўся і перайшоў да наступнага пытання:
«Твайго дзядулю завуць Яфім Аронавіч Карпман?»
«Карпманскі», — удакладніў Капусцін.
«І ты не з яўрэйскай сям’і?» — здзівіўся Дудзь.
«Ну, калі ў мяне дзядуля па маці, то-бок адзіны сваяк яўрэйскай нацыянальнасці, я не думаю, што правільна казаць, што я з яўрэйскай сям’і. У мяне абсалютна рускі бацька. У маці — частка, то-бок дзядуля — яўрэй. Бабуля — руская і ўкраінцы. Ну, то-бок я сябе не лічу яўрэем, я не лічу, што я з яўрэйскай сям’і. (…)
Я самавызначаю сябе як рускі, з рускімі бацькамі. Бацька маёй маці — яўрэй. Маці маёй маці — руская. Адпаведна, мая маці напалову, то-бок я на чвэрць, напэўна [яўрэй]. Я сябе лічу рускім, я лічу, што я нарадзіўся ў рускай сям’і. (…)
Я магу апаніраваць маім палітычным ворагам, якія спрабуюць сказаць, што, маўляў, я з яўрэйскай сям’і, але ўбіраюся ў нейкія рускія нацыяналістычныя адзенні. Я на гэты конт яшчэ раз кажу — не рэфлексую.
Капусцін у чорнай касаваротцы. Скрын відэа: vdud / YouTube
Я вырас у Маскве, у рускай сям’і. Бацька ў мяне, не ведаю, да якога пакалення, рускі. Маці — рускія, украінцы і вось дзядуля яўрэйскай нацыянальнасці. Я табе нават паказаў унікальную рэч — сваё пасведчанне аб нараджэнні», — даводзіў камандзір РДК.
Дудзь прапанаваў коратка зафіксаваць:
«Значыць, твайго дзядулю завуць Яфім Аронавіч Карпманскі?»
«Так».
«Але ты не з яўрэйскай сям’і?»
«Вядома, не».
Чытайце таксама:
Заснавальніка «Рускага добраахвотніцкага корпуса» завочна асудзілі на пажыццёвае зняволенне