БЕЛ Ł РУС

Іран збіраецца прапускаць судны праз Армузскі праліў паводле ўзроўню «дружалюбнасці»

4.04.2026 / 16:40

Nashaniva.com

Іран плануе падзяліць усе краіны на тры групы — «варожыя», «нейтральныя» і «дружалюбныя» — і ў залежнасці ад гэтага вырашаць, каму дазваляць праход праз Армузскі праліў, паведаміла Al Jazeera. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Indranil Aditya/NurPhoto via Getty Images

Паводле гэтай ідэі, караблям з «варожых» краін, у тым ліку ЗША і шэрагу заходніх дзяржаў, праход будзе забаронены. «Нейтральныя» краіны змогуць праходзіць, але толькі пасля аплаты мыты. «Дружалюбныя» ж атрымаюць магчымасць свабоднага праходу без абмежаванняў.

Разам з тым Іран ужо дазволіў праход гандлёвым суднам, якія перавозяць гуманітарную дапамогу і неабходныя тавары. Гэта тычыцца караблёў, што ідуць у іранскія порты або ўжо знаходзяцца побач, у водах Аманскага заліва.

Акрамя гэтага, з’явілася інфармацыя, што іранскія вайсковыя структуры прапануюць суднам платны «бяспечны праход». Для гэтага ўладальнікі караблёў павінны спачатку перадаць падрабязную інфармацыю пра судна, груз і экіпаж праз пасярэдніка. Пасля гэтага іранскі бок правярае, ці няма сувязяў з краінамі, якія лічацца варожымі. Калі ўсё ў парадку, пачынаецца абмеркаванне цаны. Для нафтавых танкераў базавая цана — каля аднаго даляра за бараль.

Пасля аплаты судну выдаюць спецыяльны код і інструкцыі. Яно павінна ісці пад сцягам краіны-пасярэдніка, а часам нават перарэгістравацца. Пры ўваходзе ў праліў экіпаж паведамляе код, і карабель суправаджаюць патрульныя катары.

Таксама паведамляецца, што Іран выкарыстоўвае своеасаблівы «рэйтынг» краін: ад яго залежыць, наколькі выгадныя ўмовы атрымае судна.

Раней ужо з’яўлялася інфармацыя, што Іран бярэ плату за праход праз праліў, якая можа дасягаць да двух мільёнаў даляраў. Улады тлумачаць гэта тым, што вайна патрабуе вялікіх выдаткаў. Пры гэтым такія дзеянні супярэчаць прынцыпу свабоды суднаходства.

Чытайце таксама:

ААЭ гатовыя дапамагаць ЗША сілай адкрыць Армузскі праліў

Іран за месяц вайны нарасціў экспарт нафты, адначасова абмежаваўшы канкурэнтаў

Іран прыгразіў у выпадку наземнай аперацыі ЗША перакрыць выхад з Чырвонага мора

Саудаўская Аравія і ААЭ просяць Трампа не спыняцца з Іранам

Каментары да артыкула