У Гомелі на рэканструкцыю канферэнц-залы мясцовай міліцыі патрацяць мільён даляраў
Упраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама абвясціла буйны тэндар на суму 2 мільёны 425 тысяч 614 рублёў, заўважыла выданне «Флагшток».
Такія сродкі абласная міліцыя накіруе на камплект тэхналагічнага абсталявання па аб’екце будаўніцтва: «Рэканструкцыя будынка спецыялізаванага для органаў дзяржаўнага кіравання, абароны, дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў па адрасе Гомель, вул. Камунараў, 3 у памяшканнях канферэнц-залы».
Сюды ўваходзяць комплексы абсталявання аўдыявізуальнай сістэмы, пастановачнага асвятлення, абсталявання сістэмы відэапаказу.
Да гэтага УУС шукала падрадную арганізацыю для выканання будаўніча-мантажных, пусканаладачных работ, мантажу абсталявання па гэтым жа самым аб’екце. Сума гэтых работ складала амаль 1,1 мільёна рублёў.
У выніку на рэканструкцыю канферэнц-залы гомельскага УУС пойдзе мінімум 3,5 мільёна рублёў, гэта значыць больш за 1 мільён даляраў. У закупцы ўдакладняецца, што работы будуць аплачаныя з уласных сродкаў.
У дакументацыі тэндара гаворыцца пра тое, што праектам прадугледжана размяшчэнне пасадачных месцаў па прынцыпе кінатэатра, усталяванне новых падлог, сцен, столі, сцэны.
Як паведамляў «Флагшток» раней, у Гомельскай вобласці на рамонт і рэканструкцыю райаддзелаў міліцыі ўжо патрацілі мільёны даляраў.
Чытайце таксама:
У беларускай правінцыі масава закупаюцца бронекамізэлькамі
На мяжы з Украінай пачынаецца новы этап будаўніцтва вайсковага палігона
«Гомсельмаш» плануе патраціць больш за паўмільёна даляраў на рамонт даху свайго Палаца культуры
На Гомельшчыне пачалася падрыхтоўка да аднаўлення шляхецкай сядзібы