Як Кітай цішком збудаваў востраў пад вайсковую базу ў спрэчных водах
Пакуль уся ўвага свету прыкаваная да падзей у Персідскім заліве, Кітай фактычна анексаваў тэрыторыю ў спрэчнай частцы Паўднёва-Кітайскага мора, пабудаваўшы штучны востраў за 400 кіламентраў ад В’етнама, піша Украінская служба Бі-бі-сі.
Спадарожнікавы здымак архіпелага Крэсент, які з’яўляецца часткай спрэчных Парасельскіх астравоў, размешчаных у Паўднёва-Кітайскім моры. Фота: Getty Image
З кастрычніка мінулага года Кітай ператварыў некалі бязлюдную пясчаную мель у Паўднёва-Кітайскім моры ў атол плошчай 600 гектараў. Будаўніцтва ішло з дзівоснай хуткасцю, ператварыўшы рыф Антылопа ў востраў.
«Яшчэ больш шакавальным з’яўляецца тое, што свет пераважна маўчыць адносна дзеянняў Кітая», — адзначае выданне Forbes.
На думку журналіста гэтага СМІ, Пекін вядзе «юрыдычную вайну» і адпрацоўвае баявыя дзеянні на вачах усяго свету. Першы афіцыйны пратэст В’етнама прагучаў толькі ў сакавіку, больш чым праз пяць месяцаў пасля пачатку днопаглыбляльных работ.
Пекін традыцыйна адхіляе абвінавачванні. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Кітая заявіў, што маштабны інжынерны праект «накіраваны на паляпшэнне ўмоў жыцця і працы на астравах і развіццё мясцовай эканомікі».
Гэта здаецца непраўдападобным, піша The Economist. Паводле даных самога Кітая, на ўсіх астравах Паўднёва-Кітайскага мора жыве не больш за 2000 яго грамадзян (не ўлічваючы тысячы вайскоўцаў). Амаль усе яны былі накіраваныя туды, каб дапамагчы Пекіну заявіць свае прэтэнзіі на марскую тэрыторыю.
Затое рыф Антылопа пачынае вельмі нагадваць буйную вайсковую авіябазу Кітая. Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі на новым аб’екце больш за 50 збудаванняў разам з прычаламі і ўчасткам даўжынёй каля 2700 метраў, прыдатным для ўзлётнай паласы.
Да лютага на востраве працавалі 22 земснарады, створана некалькі квадратных кіламетраў новай сушы і больш за 15 квадратных кіламетраў намытай тэрыторыі. На думку экспертаў, гэта дасць Кітаю велізарную перавагу ў выпадку канфлікту вакол Тайваня. Акрамя таго, новая база размешчаная ўсяго за 300 кіламетраў ад базы падводных лодак КНР, што можа дазволіць кітайцам больш эфектыўна блакаваць разведвальныя аперацыі ЗША.
Спрэчная тэрыторыя
Рыф Антылопа размешчаны ў Парасельскіх астравах. Кітай кантралюе іх з 1974 года пасля захопу ў Паўднёвага В’етнама. Аднак на рыф адначасова прэтэндуюць Кітай, Тайвань і В’етнам.
Існуюць розныя думкі наконт таго, чым з’яўляецца рыф Антылопа паводле міжнароднага права, скалой ці рыфам. Але ў любым выпадку гэта не востраў, таму ён не дае права на тэрытарыяльнае мора ці выключную эканамічную зону.
Кітай спрабуе легалізаваць захоп праз уласнае тлумачэнне марскога права, якое Forbes называе незаконным. Як адзначае выданне, згодна з Канвенцыяй ААН статус аб’екта вызначаецца да намыву, таму стварэнне штучнага вострава не дае новых правоў.
Свет амаль не рэагаваў на работы, якія пачаліся тры гады таму. У 2023 годзе быў абвешчаны тэндар на ацэнку, у 2025 пачалося днопаглыбленне, а ў 2026 — актыўнае будаўніцтва.
Падобнае намыванне астравоў Кітаем ужо прызнавалі незаконным паводле Канвенцыі ААН. У 2013—2015 гадах Кітай стварыў сем штучных астравоў у архіпелагу Спратлі, парушыўшы правы суседзяў. У 2016 годзе арбітраж пастанавіў, што такія работы знішчаюць каралавыя рыфы і супярэчаць абавязацельствам Кітая па ахове марскога асяроддзя.
Нешта падобнае за дзесяць гадоў да анексіі Крыма рабіла Расія — намывала дамбу да ўкраінскай касы Тузла, каб змяніць статус Керчанскага праліва.
Чытайце таксама:
Кітайская армія заняла спрэчны рыф Сэндзі-Кей у Паўднёва-Кітайскім моры
У Кітаі заканчваецца вада. Суседзі баяцца, што краіна пачне прысвойваць іх водныя рэсурсы
Пакуль Трамп марыць пра Грэнландыю, Расія і Кітай заглядаюцца на Шпіцберген