БЕЛ Ł РУС

Эсэ гэтай французскай феміністкі варта пачытаць і беларускім чыноўнікам

16.04.2026 / 09:00

Алаіза К.

Жанчыны ўжо не будуць нараджаць столькі, як раней — гэты час мінуў незваротна, мяркуе Элізабэт Бадэнтэр. Але палепшыць сітуацыю можна.

Беларуска на прадпрыемстве лёгкай прамысловасці. Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia

Эсэ «Панове, паднапружцеся!» французская філосафка і феміністка Элізабэт Бадэнтэр напісала ў 2024 годзе. Летась яно было выдадзена на беларускай мове ў перакладзе Уладзіслава Гарбацкага.

Філосафка разважае пра падзенне нараджальнасці. Яна адзначае: не варта марыць, што жанчыны будуць мець столькі ж дзяцей, як раней, гэты час сышоў незваротна. Тое, што адбываецца цяпер, можна назваць «страйкам улонняў». Але знайсці рашэнне, якое б улічвала і правы жанчын, і патрэбы дзяржавы ў працоўных руках і самазахаванні, можна. Бадэнтэр (да слова, маці траіх дзяцей) прапануе эканамістам і палітыкам прыслухацца да феміністак.

Праблема падзення нараджальнасці востра адчуваецца ў Еўропе. Калі тэндэнцыя не зменіцца, то, па прагнозах, еўрапейскае насельніцтва ў 2050 годзе знізіцца з 744 мільёнаў сёння да 703 мільёнаў.

У свеце антылідар па гэтых паказчыках цяпер Паўднёвая Карэя, дзе сярэдняя нараджальнасць — 0,9 дзіця на жанчыну. Для захавання колькасці насельніцтва патрэбны паказчык 2,1.

Узровень нараджальнасці ў Беларусі таксама ўпаў — 1,1 дзіця на жанчыну, а ў Мінску — усяго 0,6.

Рух фемінізму дазволіў жанчынам стаць гаспадынямі свайго лёсу і не зводзіць сваю ролю толькі да мацярынскай. Выбіраць мацярынства замінаюць стэрэатыпы, якія дыктуюць жанчыне, як менавіта павінна выглядаць яе жыццё пасля нараджэння дзяцей, і няроўнасць, з якой яны сутыкаюцца.

Бадэнтэр піша пра такі фактар, як «ментальны цяжар». Жанчыны абавязаны думаць пра тысячу дробязяў дзеля дабрабыту сям’і, арганізоўваць быт і пры гэтым трымаць у галаве прафесійную працу. Яны адчуваюць віну, што не паспяваюць усё. Да таго ж у XXI стагоддзі жанчына павінна быць ідэальнай маці шчаслівага дзіцяці, якое развівае ўвесь свой патэнцыял — і ніяк інакш.

Французская філосафка лічыць: чым большая няроўнасць у грамадстве, чым большы ціск на жанчыну, тым менш яна будзе хацець выбіраць мацярынства.

У прыклад Бадэнтэр прыводзіць Паўднёвую Карэю. Там маладыя жанчыны мараць пра незалежнасць любым коштам. А калі нараджаюць, то грамадства патрабуе, каб яны ад усяго адмовіліся. На жанчыну кладзецца ўвесь клопат пра дзяцей, яна цалкам застаецца пад кантролем мужавых бацькоў. Разрыў у аплаце працы мужчын і жанчын у Карэі — 30%. Да таго ж выхоўваць дзяцей вельмі дорага. Таму многія абіраюць не паўтараць лёс сваіх маці. Маладыя карэянкі адмаўляюцца ад шлюбу і дзяцей, аддаючы перавагу адзіноце і кар’еры. І нават грашовыя выплаты за дзяцей пакуль не змянілі сітуацыю кардынальна, бо норавы грамадства застаюцца ранейшымі.

Цікава згадаць нядаўняе апытанне сярод беларускай моладзі, якое праводзіў Цэнтр новых ідэй. Маладых людзей спыталі пра планы на бліжэйшыя 3‑5 гадоў. Менавіта хлопцы часцей за жанчын заяўлялі пра планы стварыць сям’ю — 28% супраць 18%. А вось для дзяўчат значна больш важнае паляпшэнне матэрыяльнага становішча: пра гэта казала кожная другая апытаная. Сярод хлопцаў гэты паказчык 38%.

Што рабіць? Памылкай будзе прымаць нейкія прымусовыя меры ці спаганяць з жанчын падатак на бяздзетнасць, гэта не прынясе выніку, упэўнена філосафка.

Важна падтрымліваць маці матэрыяльна за кошт дапамогі на дзяцей і ствараць якасныя яслі, каб маці маглі працаваць. Але толькі гэтага не дастаткова. Маладыя жанчыны ў XXI стагоддзі іншыя. Яны ўзважваюць задавальненні і цяжкасці мацярынства. Многія хочуць раўнапраўя ў сям’і, падзелу сямейнай працы. Каб мужчыны таксама адказвалі за дзяцей і гаспадарку. «А таму палітыка заахвочвання нараджальнасці павінна адрасавацца не жанчынам, а мужчынам», — падсумоўвае Бадэнтэр.

Калі паглядзець на беларускі досвед, то з аднаго боку маем выплаты на дзяцей (пра памер іх бацькі, канечне, могуць спрачацца), магчымасць сысці ў дэкрэт тату, а з сакавіка ў беларускіх садках пачалі адкрываць групы для дзяцей да двух гадоў. З іншага боку, закручваюць гайкі — уводзяць адказнасць за прапаганду бяздзетнасці. Не кажучы пра працяг палітычных рэпрэсій.

Францужанцы Бадэнтэр цяпер 82 гады. Яна паслядоўніца ідэй Сімоны дэ Бавуар і трымаецца ўніверсалісцкага фемінізму.

«У мужчын і жанчын значна больш супольнага, чым адрознага, таму варта працаваць у кірунку таго, што нас яднае, а не раз’ядноўвае», — лічыць філосафка.

Некаторыя сучасныя, больш радыкальныя, феміністкі выпісваюць Бадэнтэр з феміністак наогул. І лічаць, што яна, заможная дама з прывілеямі, не ведае праблем простых жанчын. Яе бацька быў заснавальнік буйнога рэкламнага агенцтва Publicis, сама Элізабэт вучылася ў прыватнай парыжскай школе. Бадэнтэр і яе сям’я мільярдэры — у спадчыну філосафка атрымала акцыі кампаніі бацькі (яна узначальвае раду дырэктараў Publicis з 1996 года). Мужам Элізабэт быў былы міністр юстыцыі Францыі Рабэр Бадэнтэр (яго не стала ў 2024-м).

Бадэнтэр вядома таксама сваёй кнігай «Любоў у дадатак», дзе ставіць пад сумнеў існаванне мацярынскага інстынкту (яна лічыць, што ў многім на яго фармаванне ўплывае не прырода, а культурны кантэкст), эсе «XY. Пра мужчынскую тоеснасць» (пра эвалюцыю і крызіс мускуліннасці). Урывак з апошняга эсэ, дарэчы, «Наша Ніва» публікавала ў перакладзе на беларускую ў 1997 годзе.

Элізабэт Бадэнтэр. Панове, паднапружцеся! — Вільня: Skaryna Press, 2025

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула