БЕЛ Ł РУС

Памятаеце былога памежніка, які стаў дальнабойшчыкам і ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі? З ім бяда

15.04.2026 / 11:20

Аўгіння Якімук

Аляксандр Агапаў вырашыў сэканоміць на страхоўцы. А калі дрэнна адчуў сябе падчас кадэнцыі, то пабаяўся выклікаць хуткую дапамогу, каб не пераплаціць — і тры дні з інсультам чакаў зменшчыка.

Аляксандр Агапаў раней і цяпер. Скрыншоты відэа ў тыктоку

Нагадаем, Аляксандр Агапаў атрымаў сваю хвіліну славы, калі ў Германіі паўдзельнічаў у апытанцы рускамоўнага блогера Адынаева.

Аляксандр, які тады працаваў дальнабойшчыкам з Брэста, прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі і казаў, што таго ў Беларусі падтрымлівае 99%. Відэа было апублікавана яшчэ летась, але сёлета зноў стала вірусным.

Як высветліла «Наша Ніва», герой відэа раней быў памежнікам — у адпаведнай форме яго можна пабачыць на фотаздымках БелТА яшчэ ў мінулым годзе.

Цяпер ён дальнабойшчык. Таксама Аляксандр развівае свой блог у тыктоку і мае больш за 15 тысяч падпісчыкаў.

Але нядаўна ён трапіў у бяду — пра гэта распавёў яго сябар, дальнабойшчык-блогер, які вядзе тыкток пад нікам «Барада на сувязі». Па яго словах, Аляксандр Агапаў вырашыў сэканоміць на страхоўцы:

«Мы прыязджаем сюды зарабіць грошы і спрабуем сэканоміць не толькі на сваім страўніку, але і на сваім здароўі. Цана жыцця — усяго каля 20‑30 еўра штомесяц».

Блогер удакладніў, што падчас кадэнцыі Аляксандр адчуў сябе дрэнна. Звязаўся са сваім працадаўцам, але той напалохаў імавернымі рахункамі за выклік хуткай дапамогі — прагучала сума 500 еўра. Сказаў, што кіроўцу ўсё прыйдзецца аплачваць самастойна.

— У Аляксандра быў інсульт. Тры дні пакутаваў, пасля чаго прыехаў зменшчык, яго забраў — і ў маршрутку, павёз на мяжу Беларусі. Адразу з мяжы яго забрала хуткая дапамога, павезлі на аперацыйны стол. Рабілі яму трэпанацыю чэрапа — і ў гэты момант адбыўся другі інсульт. Здаровы мужык — не п’е, займаецца спортам, дапамагае людзям…

У якасці доказаў расказчык прыклаў сумеснае відэа з Аляксандрам, дзе той заклікаў усіх дальнабойшчыкаў дапамагаць адно аднаму. Распавядаў, як заставаўся без ежы, і малдаване давалі яму каўбасу, а ўкраінцы — хлеб. Казаў, што і сам не праходзіць міма чужой бяды.

Наколькі вядома, адбылося ўсё ў Нідэрландах яшчэ ў сакавіку — разрыў анеўрызмы. Ратавалі жыццё Аляксандру ў Мінску. Каштоўны час быў упушчаны — аперацыю неабходна было рабіць у першыя тры дні. А дальнабойшчык тады чакаў, калі яго забярэ зменшчык, замест таго, каб звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Цяпер Агапаў лечыцца ў адной з бальніц Брэста. Прагнозы дактароў не вельмі аптымістычныя — цалкам аднавіцца мужчына хутчэй за ўсё не зможа.

Чытайце таксама:

Просты беларус здзівіў людзей, калі ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі. Але аказалася, што ён няпросты

Дальнабойшчыка з Дружнага, які працаваў у Еўрасаюзе, асудзілі па палітычнай справе

«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць

Дальнабойшчыка з Ліды, які вярнуўся з Еўрасаюза, кінулі за краты па трох крымінальных артыкулах

Каментары да артыкула