Грамадства4141

«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць

Ён ужо пяць гадоў працуе на фуры, месяцамі жыве ў кабіне, дрэнна харчуецца, набраў вагу і, як сам піша, «выглядае як вырадак». Грошы, прызнаецца ён, даўно сталі не сродкам, а мэтай. Яна цягам пяці гадоў так і не вярнулася на працу: спачатку пасляродавая дэпрэсія, потым быт, дзеці, жыццё паміж спальняй і кухняй.

Эміграцыя — цяжкае выпрабаванне. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Грошы ў сям’і нібыта ёсць, але палёгкі няма. Замест яе — адчуванне пасткі, у якой адзін цягне фінансы, другая — дом і дзяцей, а абое паступова губляюць радасць жыцця.

Мы папрасілі псіхатэрапеўта Наталлю Скібскую прааналізаваць кейс такой сям'і — і пагаварылі пра тое, чаму эміграцыя так часта абвастрае сямейныя канфлікты і што можа дапамагчы, калі сям’я пачынае развальвацца пад ціскам эміграцыі.

Наталля Скібская. Фота з уласнага архіву эксперткі

Эміграцыя як стрэс-тэст для сям'і

Гэтай гісторыяй падзяліліся ў сацсетках. Сям’я ўжо больш за пяць гадоў жыве ў ЗША. Мужчына адразу пасля пераезду пайшоў працаваць дальнабойшчыкам — бо гэта быў самы хуткі спосаб пачаць зарабляць. Жанчына нарадзіла дваіх дзяцей, сутыкнулася з пасляродавай дэпрэсіяй і так і не вярнулася на працу. Цяпер дзеці падрастаюць, наперадзе школа, а мужчына ўсё мацней адчувае: фінансавая адказнасць на гады наперад канчаткова замацавалася толькі за ім.

Сітуацыя выклікала гарачае абмеркаванне, бо многім яна знаёмая.

На думку Наталлі, у гэтай гісторыі важна бачыць не толькі мужчынскую стому, але і агульны фон, на якім усё адбываецца.

Паводле яе, сям’я, хутчэй за ўсё, не мела значнага запасу рэсурсаў на старце. Яны прыехалі ў новую краіну і адразу мусілі «ўкараняцца ў гэтую глебу» — без блізкіх побач, без дапамогі з дзецьмі, без магчымасці на некага абаперціся. У такіх умовах абое партнёраў не столькі жывуць, колькі выжываюць.

«Мужчына не прыйшоў у сваю працу з цікавасці ці жадання. Ён пайшоў у яе з вымушанасці — таму што трэба было хутка зарабляць. А калі чалавек доўга робіць нешта не таму, што хоча, а таму, што «павінен», гэта спрыяе выгаранню.

Асабліва калі вакол няма іншых апор, а ўся сямейная сістэма трымаецца на рэжыме пастаяннага напружання. Жанчына ў сваю чаргу засталася адна з двума малымі дзецьмі на руках», — кажа псіхатэрапеўт.

У інтэрнэт-дыскусіях такія гісторыі часта хутка зводзяцца да простай схемы: ёсць той, хто «цягне грошы», і ёсць той, хто «не хоча ісці працаваць». Але эксперт прапануе глядзець на сітуацыю інакш: «Сям’я выжывае: і ён, і яго жонка. І яны пад вялікім стрэсам знаходзяцца ў іншай краіне».

Калі людзі доўга жывуць у рэжыме пастаяннай адаптацыі, выдаткаў, рахункаў, стомы і недасыпу, яны перастаюць бачыць адно ў адным партнёра. Перад імі застаецца толькі функцыя: адзін зарабляе, другі падтрымлівае жыццё.

І ў такой сістэме вельмі хутка пачынаецца ўнутраны падлік: хто стаміўся больш, хто ахвяраваў мацней, хто насамрэч нясе на сабе асноўны цяжар. Менавіта тут і пачынае нараджацца ўзаемная злосць.

Мадэль, у якой адзін партнёр поўнасцю зарабляе, а другі поўнасцю адказвае за дзяцей і быт, сама па сабе не асуджаная на правал. Але толькі ў тым выпадку, калі яна сапраўды пасуе абаім.

«Людзі могуць дамаўляцца, але гэта можа ім не адпавядаць — іх характарам, іх уяўленням пра сямейнае жыццё. Чалавек можа шчыра паабяцаць жыць пэўным чынам, бо хоча быць са сваім партнёрам, верыць, што справіцца. Але потым высвятляецца, што гэтая роля для яго неарганічная. Ён будзе ўвесь час незадаволены, у яго будзе ўвесь час фрустрацыя», — адзначае Наталля.

Адсюль — назапашаныя крыўды, унутранае раздражненне, пачуццё пасткі. Эміграцыя тут часта выступае каталізатарам. 

Ілюстрацыйнае фота: сацсеткі

«Мужчына можа не разумець»

Асобна эксперт звяртае ўвагу на тое, як у гэтай гісторыі паказаная жонка. Паводле Наталлі, мужчына не да канца разумее, праз што праходзіць яго партнёрка.

Жыццё ў новай краіне з двума малымі дзецьмі, без родных і дапамогі, з мужам, які ўвесь час у рэйсах, — ужо само па сабе цяжкае выпрабаванне. Таму пасляродавая дэпрэсія ў гэтым кейсе выглядае цалкам рэалістычна, а наступныя пяць гадоў дома — гэта не пра «нічога не рабіла», а пра пастаянную нагрузку.

«У яе можа быць вялікая няўпэўненасць: мы не ведаем ні пра адукацыю, ні пра мову, ні пра досвед працы ў ЗША — на што ёй абаперціся. Таму тое, што выглядае як нежаданне выходзіць на працу, можа быць зусім іншым — страхам не справіцца», — кажа эксперт.

Адначасова, адзначае Наталля Скібская, у гэтым кейсе адчуваецца і іншы пласт — абясцэньванне:

«Ёсць адчуванне, што ён крыху абясцэньвае працу жонкі. Але гэта насамрэч вельмі распаўсюджана: шмат хто думае, што ўсё само робіцца. Калі ёсць побытавая тэхніка дома — нібыта і працы няма.

Менавіта з такой нябачнасці чужой працы часта і нараджаецца ўзаемная злосць: адзін упэўнены, што трымае ўсё на сабе, другі — што ягоны ўнёсак проста не прызнаюць.

У такіх умовах размова пра «справядлівае пераразмеркаванне» роляў хутка ператвараецца ў канфлікт — аб прызнанні, павазе і бачнасці ўкладу кожнага. Бо хатняя праца і догляд дзяцей дагэтуль часта ўспрымаюцца як нешта само сабой зразумелае.

Але на самай справе нічога з гэтага не адбываецца само. І калі адзін з партнёраў гэтага не бачыць — канфлікт становіцца амаль непазбежным», — канстатуе Наталля Скібская.

Адказнасць за сябе 

Пры ўсёй эмпатыі да героя гэтай гісторыі, Наталля нагадвае, што мужчына нясе адказнасць за ўласнае жыццё: добра, ты стаміўся, страціў сябе, запусціў здароўе — але хто выбірае, што ты ясі, ці рухаешся ты ўвогуле, ці пакідаеш сабе хаця б мінімум прасторы для клопату пра сябе?

Гэта не адмяняе складанасці яго становішча. Але і не дазваляе цалкам перакласці адказнасць за свой фізічны стан на жонку, працу або абставіны.

Па словах эксперта, нават у вельмі жорсткім графіку ёсць зона выбару: што купіць на перакус, як арганізаваць прыпынкі, ці можна ўзяць менш заказаў, калі рэжым ужо разбурае здароўе. У гэтым сэнсе адзін з ключавых момантаў — не толькі прызнаць сваю стому, але і вярнуць сабе хаця б частку суб’ектнасці. Бо інакш чалавек паступова пачынае жыць з адчуваннем, што з ім «усё здарылася», а сам ён нічога не вырашае. І гэта вельмі небяспечны стан — як для псіхікі, так і для адносін.

Самая распаўсюджаная прычына разводаў у эміграцыі

На думку Наталлі, падобныя сюжэты для эміграцыі вельмі тыповыя. Ізаляцыя, стома, перакос роляў, адсутнасць звыклых сацыяльных сувязяў, патрэба пачынаць з нуля, паніжэнне сацыяльнага статусу, адчуванне «я ўжо не той чалавек, якім быў раней» — усё гэта моцна б’е па адносінах.

Паводле эксперта, пераезд вельмі рэдка «перазапускае» адносіны з чыстага ліста. Значна часцей ён проста агаляе ўсе супярэчнасці, што былі схаваныя раней. Менавіта таму пары часта кажуць: у Беларусі ўсё было нармальна, а пасля пераезду ўсё развалілася. Насамрэч, кажа Наталля, праблемы маглі быць і раней — проста ў больш стабільным асяроддзі яны не выглядалі настолькі пагрозліва.

«Тыя супярэчнасці, якія ў пары маглі існаваць і раней, на фоне адаптацыйнага стрэсу ў эміграцыі становяцца куды больш відавочнымі. Ігнараваць іх ужо не атрымліваецца. А калі муж і жонка яшчэ і адаптуюцца з рознай хуткасцю, узнікае рассінхрон: адзін нібыта ўжо неяк укараняецца ў новае жыццё, а другі яшчэ зусім не стаіць на нагах. Бывае і наадварот: абаім дрэнна адначасова. І тады нікому няма на каго абаперціся», — адзначае эксперт.

У гэтым, паводле Наталлі, адна з самых распаўсюджаных прычын разрываў у эміграцыі. Людзі проста не вытрымліваюць сумарны стрэс адаптацыі. Асабліва цяжка, калі ў сям’і ёсць дзеці. Бо тады крызіс перажываюць не двое, а цэлая сістэма. І чым больш у ёй людзей, тым складаней усіх утрымаць.

Каб сям’я трымалася, хоць бы ў нейкі момант павінен быць хаця б адзін чалавек, на якога можна абаперціся.

«Калі гэта змяняецца: сёння ты, заўтра я, паслязаўтра зноў ты — тады можна яшчэ ўсё перажыць», — падкрэслівае Наталля.

Асобна экспертка звяртае ўвагу яшчэ на адну рэч: у вымушанай эміграцыі да бытавога і фінансавага напружання часта дадаецца пошук вінаватага.

У яе практыцы нярэдкія выпадкі, калі адзін партнёр фактычна абвінавачвае другога ў самім пераездзе: «я выехаў з-за цябе», «у нас там усё было», «навошта гэта было». Асабліва калі адзін чалавек вымушаны пакінуць краіну праз палітычны ці іншы ціск, а другі едзе следам, хоць сам гэтага не хацеў.

З псіхалагічнага пункту гледжання гэта зразумелы механізм. Калі чалавек не можа дацягнуцца да сапраўднай крыніцы сваёй злосці — да рэжыму, абставін, сістэмы, — ён часта пераносіць яе на таго, хто побач.

Прасцей злавацца на мужа або жонку, чым на нешта вялікае і недасяжнае. Але для сям’і гэта можа быць разбуральна.

У асобным выпадку, адзначае Наталля, адарванасць ад старога жыцця можа, наадварот, згуртаваць сям’ю:

«Эміграцыя можа сям’ю і больш аб’яднаць, калі ў пары будуць адчуваць сябе, як быццам толькі яны ёсць адно ў аднаго. Але атрымліваецца так не надта часта. Шмат хто не ўмее супрацоўнічаць».

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Што рабіць, калі сям’я ўжо ў крызісе

Паводле Наталлі, для многіх людзей эміграцыя не становіцца гісторыяй хуткага поспеху. Асабліва калі пераезд адбываўся вымушана, без гарантаванай добрай працы і высокай кваліфікацыі.

«Часта першае пакаленне эміграцыі жыве не столькі для сябе, колькі для таго, каб у дзяцей потым было больш шанцаў. Многія эмігранцкія крызісы нараджаюцца менавіта ў разрыве паміж чаканнем «новага лепшага жыцця» і рэальнасцю, у якой даводзіцца гадамі проста ўтрымліваць сябе на плыву», — кажа эксперт. 

Што рабіць, калі сям’я ўжо апынулася ў крызісе? У Наталлі адказ кароткі, але вельмі выразны: гуртавацца.

«Калі ўжо змагацца з кімсьці, то не супраць адно аднаго, а з праблемамі. Пакуль муж і жонка спрачаюцца, каму цяжэй, каму горш, хто больш ахвяраваў, — яны абое прайграюць. Сэнс з’яўляецца толькі тады, калі пара зноў пачынае ўспрымаць сябе як каманду. Разам, плячо ў плячо, станавіцца і ваяваць за сваё жыццё, за сваё шчасце — гэта самае галоўнае», — кажа эксперт.

Першы практычны крок, які яна раіць, — змяніць сам спосаб размовы.

Важна не абвінавачваць, а расказваць пра сябе. Не «ты вінаваты», а «я не вытрымліваю». Не «ты мяне з’ядаеш», а «я стаміўся». Не «ты мяне задзяўбала», а «я задзяўбаўся».

На думку Наталлі, менавіта гэта і ёсць база негвалтоўнай камунікацыі — рэчы, без якой цяжкія сямейныя размовы практычна заўсёды зрываюцца ў абарону, атаку, сорам і віну.

«Гэта самае горшае, што мы можам рабіць — абвінавачваць і сароміць. Яшчэ адна важная рэч — не спаборнічаць у пакутах, у тым, каму горш. Бо гэта тупік. Лепш падыходзіць так: мы сям’я, што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі, каб нам разам усім было лягчэй?» — кажа Наталля Скібская.

Па словах псіхолага, у такіх гісторыях няма хуткага прыгожага вырашэння: 

«Не выйдзе так: сёння пасварыцца, заўтра паразмаўляць і паслязаўтра апынуцца ў новым жыцці. Трэба шукаць не цуд, а маршрут. Думаць, што канкрэтна можна змяніць па кроках. Напрыклад: як пераразмеркаваць нагрузку, ці можна зменшыць аб’ём працы, ці рэальна жонцы спачатку выйсці не на поўную занятасць, а хоць бы на некалькі гадзін, дзе знайсці дапамогу з дзецьмі, якія выдаткі можна перагледзець. Па кроках. Павольна. З разуменнем таго, што не ўсё зменіцца за адзін дзень».

І, калі крыўдаў ужо занадта шмат, не спрабаваць выцягнуць усё самастойна.

«Часам бывае так, што ў людзей назапашваюцца такія аб’ёмы абвінавачванняў адзін да аднаго і крыўдаў, што яны проста губляюць здольнасць паразмаўляць. У такім выпадку варта ісці да кваліфікаванага спецыяліста», — раіць псіхолаг.

Наталля асобна падкрэслівае каштоўнасць негвалтоўнай камунікацыі і раіць вучыцца ёй свядома — праз кнігі, практыку, размовы. Для сям’і, асабліва ў крызісе, гэта не «прыгожая тэорыя», а практычны інструмент выжывання.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары41

  • Класіка
    30.03.2026
    Мамін піражочак не ў стане арганізаваць уласнае харчаванне на траку, а жонка з 2 малечамі, якім штодня гатуе, прыбірае, вырашае пытанні сопляў, памперсаў і забавак, дома "сядзіць" і надзіва "не працуе")))
  • Жвір
    30.03.2026
    Такое цяпер і не ў эміграцыі паўсюль. Колькі заўгодна. Гэта жыцьцё. Галоўнае не забіваць галаву парадамі розных прашчалыгаў-псіхолягаў ды не займацца самаедствам.
  • Вінак
    30.03.2026
    цікава ці была радавая дыпрэссія у нашых бабуль калі яны выхоўвалі 5-9 дзяцей,у хатах дзе небыло вады, электрычнасці. Плюс агароды, карова-свінні-куры. На работу яшчэ хадзілі. Калейку паслі. Пражылі тры вайны. Я не кажу што трэба вяртацца "да каранёў". Але трэба падумаць усведаміць у якіх камфортных умовах мы зараз жывём.

Цяпер чытаюць

З YouTube выдалілі каналы БелТА, СТБ і АНТ. Улады пагражаюць контрмерамі31

З YouTube выдалілі каналы БелТА, СТБ і АНТ. Улады пагражаюць контрмерамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве пакажуць пяць найлепшых тэкстаў сучасных беларускіх драматургаў — уваход вольны

Лукашэнка загадаў, каб гарадская медыцына была даступная жыхарам рэгіёнаў6

У Мінску адбыўся разліў азотнай кіслаты

Сёння — 1500‑ы дзень вайны ва Украіне3

Шмат гадоў просты цясляр ствараў краіну цудаў у мінскіх дворыках. А цяпер сам звяртаецца па дапамогу5

Муляра з Жодзіна асудзілі па справе Гаюна і за «абразу» Лукашэнкі

Пачаць праводзіць кальцавую лінію метро плануюць ужо сёлета2

Латушка: Не магу выключыць, што на нейкім этапе Мельнікава магла трапіць у пастку спецслужбаў21

Келаг раскрытыкаваў НАТА і прапанаваў стварыць новы альянс з удзелам Украіны7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З YouTube выдалілі каналы БелТА, СТБ і АНТ. Улады пагражаюць контрмерамі31

З YouTube выдалілі каналы БелТА, СТБ і АНТ. Улады пагражаюць контрмерамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць