Мадзьяр падлавіў Орбана ў ягонай рэзідэнцыі. І нават з гэтага пажартаваў ВІДЭА
Будучы прэм’ер Венгрыі Петэр Мадзьяр зняў відэа каля афіцыйнай рэзідэнцыі дзейнага прэм’ера Віктара Орбана — і той нават не падазраваў, што яго здымаюць. Адпаведнае відэа Мадзьяр апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, заўважыла «РБК-Украіна».
Скрыншот з відэа
Петэр Мадзьяр апублікаваў допіс з відэа, на якім відаць Орбана на тэрасе — той прагульваецца і нешта чытае.
«Жыццё — найвялікшы рэжысёр. Пакуль прэзідэнт Рэспублікі выхваляўся сваім кабінетам, з якога ён неўзабаве пойдзе, я заўважыў на наступным паверсе прэм’ер-міністра, які ідзе ў адстаўку», — напісаў Мадзьяр.
Разам з тэкстам ён паставіў пытанне падпісчыкам: што менавіта чытае Орбан? І прапанаваў варыянты:
- развітальную прамову;
- нацыянальную газету са спортам;
- сённяшнюю заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
12 красавіка партыя «Ціса» пад кіраўніцтвам Петэра Мадзьяра перамагла да таго кіроўную 16 гадоў партыю «Фідэс» Віктара Орбана на парламенцкіх выбарах у Венгрыі. Пасля падліку 98,9% бюлетэняў яна набрала 53,07% галасоў і атрымала 138 месцаў са 199 у парламенце.
Чытайце таксама:
Хто такі Петэр Мадзьяр, які перамог Віктара Орбана
Мадзьяр запатрабаваў адстаўкі прэзідэнта Венгрыі
Мадзьяр анансаваў увядзенне абмежаванняў на тэрміны займання пасады прэм'ера Венгрыі
«Я Віктар Орбан, і я хачу вас павіншаваць». Мадзьяр расказаў пра сваю размову з Орбанам