У Браславе адмянілі фестываль з амаль 60‑гадовай гісторыяй
Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт скасаваў сваё ўласнае рашэнне «Аб арганізацыі і правядзенні Міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», заўважыла «Радыё Свабода».
Сёлетняя афіша скасаванага міжнароднага фестывалю «Браслаўскія зарніцы»
Як адзначаецца ў апублікаваным 16 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі рашэнні, ухваленым 11 сакавіка, яно было ўзгоднена з іншымі арганізатарамі фестывалю — Міністэрствам культуры, Віцебскім аблвыканкамам, Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і Браслаўскім раённым аб’яднаннем музеяў.
Адметна, што на сайце Браслаўскага райвыканкама дагэтуль застаецца абвестка, у якой да ўдзелу ў фестывалі, які павінен быў прайсці сёлета 22—24 мая, запрашаюць прадстаўнікоў іншых краін. Заявы на ўдзел прымалі да 1 сакавіка.
«Браслаўскія зарніцы» вядуць сваю гісторыю з 1967 года, а з 2009‑га фестываль набыў статус міжнароднага. У ім традыцыйна ўдзельнічалі танцоры, музыкі, выканаўцы песень з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі.
У межах фестывалю з 2012 года праводзілі і свята сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». Беларускі бок кампенсаваў удзельнікам усе транспартныя выдаткі, забяспечваў харчаванне. Планавалася, што сёлета праграму «Браслаўскіх зарніц» адкрые тысячны зводны хор.
Перад гэтым стала вядома, што ў Беларусі скасавалі адразу чатыры буйныя фестывалі — Festiwow у Мінску, нясвіжскі Wostrau, «Сонцастаянне» ў Пружанах і Lidbeer у Лідзе. Гэтым летам у краіне пройдуць толькі адзінкавыя фестывалі. У тым жа Браславе на 24—25 ліпеня запланавалі фестываль Viva Braslav, арганізатар якога — прыватная кампанія «Левэл груп».
Чытайце таксама:
У Беларусі адзін за адным адмяняюць фестывалі. У чым прычына?
«Да апошняга верылі, што атрымаем дазвол». Адмянілі яшчэ адзін музычны фестываль