«Да апошняга верылі, што атрымаем дазвол». Адмянілі яшчэ адзін музычны фестываль
Год таму беларусы радаваліся масаваму вяртанню ў краіну вялікіх музычных фестываляў, але, як аказалася, гэта тое самае добрае, якога будзе «патроху». Хваля адмен опэн-эйраў працягваецца: услед за «Сонцастаяннем», Wostrau і Lidbeer сумныя навіны паведаміў Festiwow. Прычыны — усё тыя ж, «якія не залежаць ад арганізатараў», піша «Анлайнер».

«Мы да апошняга верылі, што атрымаем дазвол на правядзенне нашага фестывалю, але на жаль, закон ёсць закон. Мы вельмі спадзяемся і верым, што яшчэ сустрэнемся з вамі! Дзякуй, што былі з намі гэтыя два гады», — гаворыцца ў сацсетках Festiwow.
Арганізатары таксама расказалі, што фестываль сарваўся літаральна ў апошні момант: дамовы з артыстамі ўжо былі падпісаныя, з дня на дзень павінны былі стартаваць продажы квіткоў.
Festiwow праходзіў на мінскім стадыёне «Дынама» ў 2024 і 2025 годзе — на сцэне выступалі многія актуальныя артысты з краін СНД: Saluki, Zoloto, Toxi$, Cream Soda, «Моя Мишель», «Три дня дождя» і іншыя.
Гэта ўжо чацвёрты буйны беларускі фестываль, які паведаміў пра адмену ў 2026-м. Раней арганізатары нясвіжскага опэн-эйра Wostrau, тлумачачы прычыны, спасылаліся на пастановы Савета Міністраў «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў» і «адсутнасць магчымасці прывозіць замежных артыстаў самастойна».
«Анлайнер» звязваўся з арганізатарамі Wostrau і Lidbeer, аднак дэталёва каментаваць адмены фестываляў яны адмовіліся.
З астатніх буйных музычных фестываляў даты анансаваныя толькі ў Viva Braslav і belbet fest (другі ўжо нават абвясціў першых артыстаў). Таксама пра вяртанне музычнай праграмы з замежнымі хэдлайнерамі заяўляў пікнік VULITSA EZHA. Ад Stereo Weekend, які вярнуўся ў мінулым годзе ў Лошыцкі парк пасля сямігадовага перапынку, няма навін ні пра адмену, ні пра даты і месца правядзення.
Фестывалю Lidbeer сёлета не будзе
У Беларусі абнавілі чорны спіс артыстаў — цяпер там 179 пазіцый. Хто трапіў
Беларусы размятаюць квіткі на канцэрты зумера Вані Дзмітрыенкі з Краснаярска не толькі ў Мінску, але ў рэгіёнах
На міжнародным тэатральным фестывалі ў Магілёве амаль усе пастаноўкі будуць з Расіі
Каментары