Куба паспрабавала перадаць сакрэтны ліст асабіста Трампу
Ліст быў аформлены ў выглядзе дыпламатычнай ноты і меў афіцыйную кубінскую пячатку.
Фота: Zed Jameson / Anadolu via Getty Images
На мінулым тыдні ўнук былога кубінскага лідара Рауля Кастра звярнуўся да багатага гаванскага прадпрымальніка з просьбай даставіць сакрэтны ліст асабіста прэзідэнту ЗША Дональду Трампу ў абыход звыклых дыпламатычных каналаў, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў.
Ліст быў аформлены ў выглядзе дыпламатычнай ноты і меў афіцыйную кубінскую пячатку. У пасланні Трампу прапаноўваліся эканамічныя і інвестыцыйныя пагадненні, а таксама змякчэнне санкцый. Таксама ў лісце ўтрымлівалася папярэджанне аб тым, што кубінскі рэжым рыхтуецца да ўварвання ЗША, дадаў амерыканскі чыноўнік.
Раней Трамп неаднаразова казаў, што Куба можа стаць наступнай пасля Венесуэлы і Ірана краінай, на якую ЗША звернуць пільную ўвагу.
Перад тым Трамп заяўляў пра намеры «ўзяць Кубу ў той ці іншай форме» і казаў пра магчымасць дзеянняў у дачыненні да краіны пасля іншых знешнепалітычных канфліктаў. У адказ прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель заявіў, што краіна гатовая супраціўляцца ў выпадку ўварвання і будзе абараняцца да канца.
Таксама Вашынгтон распрацоўвае план вайсковай аперацыі на востраве.