Беларус, якому забаранілі ўязджаць у Еўропу, знайшоў хітры спосаб, як гэта абысці
Беларус, якому раней забаранілі ўезд у Польшчу і краіны Шэнгенскай зоны, здолеў абыходзіць гэтую забарону на працягу двух гадоў, змяніўшы прозвішча, піша Reform.news.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Як паведамляцца, мужчына ўзяў прозвішча маці, аформіў новы пашпарт і пад іншымі асабістымі данымі працягваў ездзіць за мяжу. З лютага 2024 года да студзеня 2026‑га ён не менш як дзесяць разоў перасякаў мяжу — праз пункт пропуску ў Тарэспалі і праз Варшаўскі аэрапорт.
Але ў выніку яго ўсё ж выкрылі і затрымалі. Суд адбыўся ў Польшчы. 41‑гадовага мужчыну прызналі вінаватым у шматразовым незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы з выкарыстаннем падману. Усе гэтыя выпадкі суд разглядаў як адно працяглае правапарушэнне.
Беларусу прызначылі пакаранне ў выглядзе шасці месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. Гэта значыць, што калі ён не здзейсніць новых парушэнняў, то ў турму не трапіць, але ў выпадку паўтору наступствы будуць значна больш сур’ёзныя.
Чытайце таксама:
У Польшчы затрымалі групу інтэрнэт-махляроў. Сярод іх — грамадзянін Беларусі
У Польшчы беларуса злавілі з амфетамінам і хутка дэпартавалі