Зяленскі асудзіў рашэнне ЗША падоўжыць паслабленне санкцый супраць Расіі
У сваім тэлеграм-канале прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сцвярджае, што паслабленне санкцый супраць Расіі не адпавядае рэальнай сітуацыі на вайне і ў дыпламатыі, а наадварот — стварае ў расійскага кіраўніцтва ілюзію, што агрэсію можна працягваць.
Уладзімір Зяленскі. Фота: УНІАН
«Толькі за гэты тыдзень расіяне выпусцілі больш за 2360 ударных дронаў, звыш 1320 кіраваных авіяцыйных бомбаў і амаль 60 ракет розных тыпаў па нашых гарадах і грамадах», — прыводзіць статыстыку Зяленскі.
Асобна падкрэсліваецца, што даходы ад продажу расійскай нафты фактычна ідуць на фінансаванне вайны. Паводле ацэнкі Зяленскага, у моры знаходзіцца больш за 110 танкераў так званага «ценявога флоту», якія перавозяць звыш 12 мільёнаў тон нафты. Гэта можа прыносіць Расіі каля 10 мільярдаў даляраў, якія выкарыстоўваюцца для працягнення баявых дзеянняў.
Ён робіць выснову, што трэба, наадварот, узмацняць ціск супраць Расіі: абмяжоўваць экспарт нафты і перашкаджаць дастаўцы танкераў у парты.
Перад гэтым 18 красавіка адміністрацыя Дональда Трампа падоўжыла дзеянне выключэнняў, якія дазваляюць краінам купляць падсанкцыйную расійскую нафту і нафтапрадукты. Вашынгтон імкнецца такім чынам стрымаць сусветныя цэны на энерганосьбіты, якія рэзка выраслі на фоне амерыканска-ізраільскай вайны з Іранам.
Міністэрства фінансаў ЗША дазволіла купляць нафту, загружаную на судны па стане на пятніцу, да 16 мая — гэта падаўжэнне першапачатковага 30‑дзённага дазволу, тэрмін дзеяння якога скончыўся 11 красавіка, вынікае з дакумента, апублікаванага на сайце ведамства.
Пры гэтым прадаўжэнне было аформлена праз два дні пасля таго, як міністр фінансаў Скот Бесэнт заявіў, што Вашынгтон не будзе працягваць дазвол, які дазваляў краінам набываць расійскую нафту без рызыкі санкцый ЗША.
Чытайце таксама:
ЗША падоўжылі прыпыненне санкцый супраць расійскай нафты
Трамп дазволіць Пуціну працягваць гандляваць нафтай без абмежаванняў праз адсутнасць міру з Іранам
У Еўропе энергетычны крызіс. Ці будзе яна зноў купляць нафту і газ у Расіі?
Еўропа мае запасы авіяпаліва толькі да лета. Чаму так сталася і што рабіць?