Туск: Сярод вызваленых сёння — беларус, які супрацоўнічаў з польскімі спецслужбамі
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на прэс-канферэнцыі 28 красавіка заявіў, што сярод вызваленых у межах сённяшняга абмену паміж Беларуссю і Польшчай, акрамя Андрэя Пачобута і Гжэгажа Гавела — грамадзянін Беларусі, які супрацоўнічаў з польскімі спецслужбамі.
Дональд Туск і Андрэй Пачобут. Сустрэча на мяжы
«Сярод вызваленых сёння — Анджэй Пачобут, пісьменнік, журналіст і змагар за свабоду беларусаў. Акрамя яго, былі вызваленыя ксёндз Гавел, а таксама беларус, які супрацоўнічаў з польскімі спецслужбамі», — заявіў Туск.
Імя вызваленага ён, аднак, называць не стаў, спасылаючыся на яго просьбу. Але вядома, што ў канцы 2024 года да 19 гадоў зняволення па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Польшчы і выдачы дзяржаўных таямніц быў асуджаны беларускі вайсковец Дзмітрый Пазнякоў. Яго судзілі разам з грамадзянінам Польшчы Томашам Бярозам, які атрымаў 14 гадоў. Магчыма, гаворка ў гэтым выпадку можа ісці акурат пра Пазнякова.
Па словах Туска, працэс вызвалення Пачобута быў вельмі складаным:
«Мы рабілі мноства спроб пераканаць беларускі рэжым вызваліць яго. Было вельмі цяжка разлічваць на добрасумленнасць з боку Мінска. Падчас адной з апошніх спроб абмену зняволенымі беларускі бок змяніў сваё рашэнне і адмовіўся», — заявіў Туск.
Урэшце вызваленне Пачобута і іншых стала магчымым дзякуючы таму, што Польшча змагла прапанаваць Беларусі і Расіі для абмену людзей, затрыманых па абвінавачанні ў дыверсіях.
Чытайце таксама:
У эфіры БТ выйшаў шпіёнскі фільм пра асуджаных Дзмітрыя Пазнякова і Томаша Бярозу
Вайскоўца, асуджанага на 19 гадоў, хочуць перавесці на турэмны рэжым
Андрэй Пачобут: Беларускія чыноўнікі пацвердзілі, што я магу вярнуцца
Бацька Андрэя Пачобута пра вызваленне сына: «Упаду перад ім на калені і пацалую яму руку»
Лукашэнкаўскіх і расійскіх шпіёнаў на мяжы сустракалі з кветкамі ВІДЭА