БЕЛ Ł РУС

Як часта трэба правяраць зрок? Тлумачыць галоўны доктар бальніцы

30.04.2026 / 18:25

Лаўрын Кулеш

Залежыць ад таго, ці споўнілася вам 40 гадоў.

Віктар Ісачкін. Скрын відэа: BelarusOneTV / YouTube

Галоўны доктар 10‑й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Віктар Ісачкін у інтэрв'ю «Беларусь 1» расказаў, як часта трэба наведваць афтальмолага і колькі чакаюць аперацыі па выдаленні катаракты.

Калі трэба праверыць зрок?

Першы агляд у афтальмолага павінен адбыцца праз месяц пасля нараджэння дзіцяці. Гэта неабходна для таго, каб выключыць прыроджаныя паталогіі — катаракту, глаўкому, захворванні сятчаткі.

Другі раз спецыяліст павінен агледзець дзіця ў год. На гэты раз правяраюць рэфракцыю вока (здольнасць правільна факусаваць святло, каб атрымаўся выразны малюнак), глядзяць, ці ёсць блізарукасць або дальназоркасць.

Трэці раз агляд праводзяць у тры гады — перад тым, як дзіця пойдзе ў садок. Наступны абавязковы візіт — перад школай, у 6 гадоў. Затым агляды павінны праводзіцца штогод, каб не прапусціць развіццё «школьнай» блізарукасці.

Што тычыцца дарослых, то спецыяліст раіць наведваць афтальмолага і вымяраць вочны ціск раз на два гады да 40‑гадовага ўзросту (калі нічога не турбуе), а пасля 40 гадоў — штогод. Калі ж у пацыента блізкія сваякі пакутавалі на глаўкому ці мелі катаракту, то штогадовыя візіты да доктара трэба пачынаць ужо з 35 гадоў.

Якія аперацыі робяць у 10‑й бальніцы?

Віктар Ісачкін кажа, што спецыялісты бальніцы бяруцца лячыць практычна ўсе паталогіі зроку, якія яны могуць дыягнаставаць.

«Вядома, усю паталогію ніхто ў свеце не зможа вылечыць. Часам мы сутыкаемся з выпадкамі, калі чалавеку вельмі цяжка аказаць дапамогу. Часам гэта далёка запушчаныя выпадкі захворвання, калі адбываецца гібель зрокавага нерва, іншыя пытанні», — даводзіць спецыяліст.

Па словах Ісачкіна, самая распаўсюджаная паталогія ў дарослых — гэта катаракта. У тройку лідараў уваходзяць таксама міяпія і глаўкома. Менавіта апошняя найчасцей прыводзіць да слепаты, таму важныя ранні дыягназ і своечасовае лячэнне.

Па словах галоўнага доктара, час чакання планавай аперацыі па выдаленні катаракты ў 10‑й бальніцы сталіцы цяпер два месяцы. Частка гэтага часу сыходзіць на збор аналізаў.

Чытайце таксама:

Хірург-афтальмолаг расказаў пра першыя сімптомы катаракты

Навукоўцы: Блізарукія людзі спяць горш, чым людзі са здаровым зрокам

«Прыйдзе час, калі ўсё чалавецтва будзе блізарукім». Афтальмолаг пра сучаснасць і будучыню нашага зроку

Навукоўцы знайшлі спосаб «перазагрузіць» вока і аднавіць парушаны зрок

Каментары да артыкула