БЕЛ Ł РУС

Вызвалены палітвязень Мікіта Емяльянаў, якога арыштавалі яшчэ ў 2019 годзе, 19‑гадовым

4.05.2026 / 16:26

Nashaniva.com

Анархісту Мікіту Емяльянаву раз за разам працягвалі тэрмін.

Мікіта Емяльянаў: архіўнае фота 2019 года

Цяпер 26‑гадовы Мікіта Емяльянаў — беларускі актывіст анархісцкага руху, які быў затрыманы 20 кастрычніка 2019 года пасля таго, як разам з іншым анархістам, Іванам Комарам, кінуў «кактэйль Молатава» ў СІЗА на Валадарцы. Яго абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за пашкоджанне маёмасці, апаганьванне будынкаў і незаконныя дзеянні са зброяй.

У выніку суд 12 лютага 2020 года прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля апеляцыі тэрмін скарацілі да 4‑х гадоў.

Мікіта Емяльянаў у судзе, 2020 год

Пазней умовы ўтрымання палітвязня значна пагоршыліся: у 2021 годзе яго перавялі на турэмны рэжым і этапавалі ў магілёўскую турму №4. Там ён неаднаразова падвяргаўся дысцыплінарным пакаранням — яго часта змяшчалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) на працяглыя тэрміны.

Падставай для пакаранняў часта называлі парушэнні ўнутраных правілаў, напрыклад, адмова прыбіраць тэрыторыю або іншыя дробныя парушэнні. Сам Емяльянаў сцвярджаў, што некаторыя патрабаванні былі несправядлівымі. У знак пратэсту ён некалькі разоў трымаў галадоўкі, у тым ліку працяглую сухую галадоўку.

У турме яго абмяжоўвалі ў кантактах з роднымі: не перадавалі лісты, канфіскоўвалі перадачы, не давалі спатканняў. Таксама паведамлялася, што яму не перадавалі нават малюнкі ад малодшага брата. Акрамя таго, адміністрацыя адмаўлялася прымаць яго скаргі.

У канцы 2021 года супраць Емяльянава завялі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі». 9 сакавіка 2022 годзе суд дадаў яшчэ адзін тэрмін зняволення — 2 гады, а па сукупнасці пакаранняў — 3,5 гады зняволення строгага рэжыму.

У наступныя гады Емяльянаў працягваў адбываць пакаранне, пры гэтым рэгулярна трапляў у ШІЗА і іншыя ізалятары. У агульнай складанасці ён правёў у карцары больш за пяць месяцаў.

Пазней яго пераводзілі паміж рознымі ўстановамі, у тым ліку ў калонію ў Ваўкавыску і турму ў Гродне. У студзені 2025 года яго зноў асудзілі па тым жа артыкуле за непадпарадкаванне, і тэрмін зняволення павялічылі — хлопец атрымаў яшчэ дадатковы год.

За час знаходжання ў зняволенні ў Мікіты Емяльянава пагоршылася здароўе: ён пачаў страчваць зрок, а таксама не атрымліваў неабходных медыцынскіх сродкаў і вітамінаў. Паводле інфармацыі, апошнія гады ўтрымання былі асабліва цяжкімі з-за строгіх умоў і ізаляцыі.

2 мая 2026 года Мікіта Емяльянаў быў датэрмінова вызвалены. Абставіны вызвалення пакуль невядомыя.

Мікіта Емяльянаў пасля вызвалення. Фота: Dissident.by

Чытайце таксама:

«Яго ідэалам быў Каліноўскі». Мама палітвязня Емяльянава расказала пра сына-анархіста і сваю працу ў міліцыі

Апошняе слова анархіста, які кідаў «кактэйль Молатава» ў Валадарку: У барацьбе за свабоду мэта апраўдвае сродкі 

У СІЗА адправілі двух анархістаў. Падазраюць, што яны кінулі «кактэйль Молатава» ў Валадарку

Каментары да артыкула