БЕЛ Ł РУС

У Берліне на 8 і 9 мая забароняць чырвона-зялёны сцяг і партрэты Лукашэнкі

4.05.2026 / 17:24

Nashaniva.com

У Берліне плануюць увесці абмежаванні на выкарыстанне шэрагу сімвалаў падчас памятных мерапрыемстваў 8 і 9 мая, якія прысвечаныя заканчэнню Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Паводле інфармацыі ад мясцовай паліцыі, забарона будзе тычыцца дэманстрацыі савецкай сімволікі, а таксама дзяржаўных сцягоў Расіі і Беларусі, піша «Еўрапейская праўда».

Здымак ілюстрацыйны

Абмежаванні плануюць увесці ў раёнах галоўных савецкіх мемарыялаў — у Тыргартэне, Трэптаў-парку і Шангольцэр-Хайдэ. Чакаецца, што афіцыйныя распараджэнні будуць апублікаваныя загадзя і будуць падобныя да тых, што ўжо дзейнічалі ў папярэднія гады.

Акрамя сцягоў, пад забарону трапляюць і іншыя элементы, звязаныя з расійскай вайной супраць Украіны. У прыватнасці, нельга будзе насіць расійскую вайсковую форму або яе часткі, дэманстраваць знакі адрознення, сімвалы Z і V, а таксама георгіеўскія стужкі.

Таксама будзе забаронена паказваць выявы кіраўнікоў Расіі, Беларусі і Чачні.

Асобна адзначаецца, што нельга будзе выконваць або прайграваць расійскія вайсковыя і маршавыя песні, а таксама дэманстраваць сімволіку, якая можа ўспрымацца як падтрымка вайны. У той жа час украінская сімволіка пад гэтыя абмежаванні не трапляе.

Пэўныя выключэнні прадугледжаныя для дыпламатаў і ветэранаў Другой сусветнай вайны.

Такія меры звязваюць з тым, што пасля 2022 года святкаванне 9 мая ў Расіі актыўна выкарыстоўваецца як частка дзяржаўнай прапаганды і апраўдання вайны супраць Украіны, таму нямецкія ўлады імкнуцца не дапусціць выкарыстання гэтай сімволікі для палітычных мэтаў падчас памятных мерапрыемстваў.

Чытайце таксама:

Хэдлайнерам канцэрта ў Мінску ў Дзень Перамогі стане Алег Газманаў

Зяленскі: Украінскія дроны могуць таксама праляцець на парадзе 9 Мая ў Маскве

Колькі ў Беларусі жыве ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны?

Каментары да артыкула