«Перадвыбарчы папулізм». У МЗС адрэагавалі на выказванне спікера армянскага парламента пра Беларусь як губерню Расіі
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Раман Варанкоў пракаментаваў нядаўнюю заяву спікера парламента Арменіі Алена Сіманяна са згадкай Беларусі. Ён назваў яе несяброўскай і звязаў з унутранай палітыкай Арменіі.
Ален Сіманян
Па словах Рамана Варанкова, такія выказванні — гэта нібыта перадвыбарчы папулізм і спроба адцягнуць увагу армянскага грамадства ад унутраных праблем краіны, у тым ліку беднасці, беспрацоўя і эканамічных цяжкасцяў.
Прэс-сакратар МЗС заявіў, што Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай, самастойна вызначае сваю знешнюю палітыку ды адносіны з Расіяй і не дазволіць іншым краінам сябе «вучыць». Таксама ён назваў спробы абвінаваціць Мінск ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы недапушчальнымі з пункту гледжання дыпламатыі.
Акрамя таго, ён раскрытыкаваў цяперашні знешнепалітычны курс кіраўніцтва Арменіі, сцвярджаючы, што ён прывёў да нестабільнасці і залежнасці ад іншых краін.
Раней Ален Сіманян, выступаючы ў тэлеэфіры, абвінаваціў Расію ў правядзенні «палітычнай аперацыі» для змены ўлады ў Арменіі:
«Калі ва Украіне спрабуюць прасоўваць свае інтарэсы ваенным шляхам, то ў Арменіі адбываецца спроба захопу ўлады. Нашу дэмакратычнасць яны (у Расіі) зараз спрабуюць выкарыстаць супраць нас. Кажуць: у вас інтэрнэт адкрыты, мы ў гэтым інтэрнэце на свае рублі купім столькі рэкламы, што ўсё будзе нашым.
Мы не дазволім ператварыць Арменію ў губерню. Мы не будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь», — заявіў Сіманян.
Чытайце таксама:
Спікер армянскага парламента: Мы не дазволім ператварыць Арменію ў губерню, як Беларусь
Лукашэнка папрасіў АДКБ быць «вельмі акуратнай і карэктнай» у працы з Арменіяй
На саміт у Арменію з'язджаюцца еўрапейскія лідары. Як адрэагуе Масква?