Аршанскі мясакамбінат далучаць да агракамбіната «Дзяржынскі»
Стратны Аршанскі мясакамбінат плануюць далучыць да паспяховага агракамбіната «Дзяржынскі». Такое рашэнне прынялі на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і ўрада, піша Office Life.
Аршанскі мясакамбінат. Фота: «Яндэкс-Карты»
Па словах Лукашэнкі, ранейшыя спробы вывесці прадпрыемства з крызісу не далі выніку, хоць у яго ўжо ўкладалі значныя дзяржаўныя сродкі. Таму вырашылі перадаць камбінат больш моцнай структуры. Мяркуецца, што «Дзяржынскі» атрымае патрэбную яму сыравінную базу і адначасова будзе займацца аздараўленнем праблемнага завода. Пры гэтым пакуль не вызначана, што будуць рабіць з запазычанасцямі прадпрыемства.
На той жа нарадзе абмяркоўвалі і праблемы цэментнай галіны. Лукашэнка раскрытыкаваў новыя прапановы ўрада па рэструктурызацыі даўгоў, нагадаўшы, што раней ужо праводзілася маштабная мадэрнізацыя заводаў за вялікія грошы, а пагашэнне запазычанасці было расцягнута да 2049 года. Ён адзначыў, што, нягледзячы на гэта, галіна дагэтуль не цалкам забяспечвае ўнутраны рынак, а цэмент на экспарт прадаецца значна танней, чым унутры краіны.
Крытыку выклікала і прапанова фінансавай падтрымкі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Гаворка ішла пра тое, каб залічыць яго плацяжы ў фонд нацыянальнага развіцця ў кошт пагашэння крэдытаў. Аднак, паводле ацэнак, частка гэтых сродкаў існуе толькі на паперы і не падмацавана рэальнымі грашыма.
У выніку дакументы па гэтых пытаннях вырашылі дапрацаваць. Урад адзначыў, што ў найбліжэйшы час могуць быць прынятыя новыя рашэнні, у тым ліку больш сістэмныя падыходы да фінансавання праз дзяржаўныя фонды.
Чытайце таксама:
Агракамбінат «Дзяржынскі» паглынуў Слуцкі мясакамбінат
Агракамбінат «Дзяржынскі» працягвае пашырацца, далучае «Мінскі мясакамбінат»
Лукашэнка раней еў нанач каўбасу, а цяпер ужо не можа
За тры гады ў Беларусі ўтрая павялічылі вытворчасць індычаціны