БЕЛ Ł РУС

Вайна ў Іране пагражае апошнім азіяцкім гепардам — навукоўцаў вінавацяць у шпіянажы

13.05.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Апошнія ў свеце азіяцкія гепарды апынуліся ў закладніках палітычнага рэжыму, які бачыць шпіянаж нават у фотапастках, набытых за грошы міжнародных фондаў, а вайсковую сакрэтнасць ставіць вышэй за выжыванне цэлага віду. З падрабязнасцямі знаёміць Tagesspiegel.

Піруз — гепардзяня, якое стала надзвычай папулярным у Іране ў 2022—2023 гадах. Фота: Wikimedia Commons

У свеце засталося менш за тры дзясяткі азіяцкіх гепардаў (Acinonyx jubatus venaticus), і ўсе яны жывуць у Іране. Але цяпер гэтым жывёлам пагражае не толькі браканьерства, дарогі і разбурэнне асяроддзя, але і сам іранскі рэжым.

Калі навукоўцаў лічаць шпіёнамі

Іранскія ўлады ўжо шмат гадоў падазраюць навукоўцаў з прыродаахоўных праектаў у супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Нават аўтаматычныя фотапасткі і GPS-ашыйнікі ўспрымаюцца сілавікамі як прыкметы шпіянажу.

Пасля пачатку вайны сітуацыя стала яшчэ цяжэйшай: паблізу часткі запаведнікаў выявіліся сакрэтныя вайсковыя аб’екты, а многія праграмы маніторынгу амаль спыніліся.

Іранскі біёлаг і прыродаахоўнік Мехдзі Набіян (Mehdi Nabiyan), які прысвяціў ахове прыроды ў Іране чвэрць стагоддзя, а цяпер вымушаны жыць у выгнанні ў Аўстраліі, называе перспектывы выратавання гепардаў надзвычай змрочнымі. Яго рашэнне пакінуць краіну стала вынікам працяглага ціску і пераследу.

Нядаўна Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі арыштаваў вядомага ветэрынара Імана Мемарыяна (Iman Memarian), які працаваў у праграме аховы гепардаў. Прычынай сталі яго выказванні ў сацыяльных сетках. Паводле Набіяна, родным дагэтуль не паведамілі, дзе знаходзіцца навуковец і ў якіх умовах яго ўтрымліваюць.

Гэта не першы выпадак. Яшчэ ў 2018 годзе іранскія ўлады затрымалі дзевяць эколагаў, у тым ліку кіраўніка найбуйнейшага праекта па ахове гепардаў. Іх абвінавацілі ў шпіянажы на карысць замежных дзяржаў. Адзін з затрыманых загінуў у турме — афіцыйна сцвярджалася, што гэта было самагубства. Некаторыя арыштаваныя правялі за кратамі больш за шэсць гадоў.

Гэтыя падзеі стварылі атмасферу страху сярод даследчыкаў. Многія баяцца працягваць палявую працу, пакідаюць краіну або пераходзяць да выкладання і лабараторных даследаванняў.

Улады проста не вераць, што людзі могуць працаваць у суровых умовах аддаленых пустыняў выключна з любові да прыроды, а не па заданні замежных разведак. Асаблівыя падазрэнні выклікае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з Праграмай развіцця ААН.

Для азіяцкага гепарда такая праца жыццёва неабходная. Біёлаг Беціна Вахтэр з Берлінскага інстытута даследаванняў заапаркаў і дзікай прыроды кажа, што без самаахвярнасці мясцовых эколагаў гэты падвід, магчыма, ужо знік бы.

Азіяцкія гепарды ў Іране. Фота: Wikimadia Commons

Комплекс пагроз для гепарда

Сёння галоўныя пагрозы для гепардаў — гэта знікненне здабычы, выпас велізарных статкаў жывёлы, дарогі і прамысловае асваенне пустынных тэрыторый.

Колькасць газэляў, дзікіх авечак і іншых жывёл, на якіх палююць гепарды, рэзка скарацілася з-за браканьерства і знішчэння асяроддзя. У выніку драпежнікі вымушаныя пакідаць адносна бяспечныя зоны і пераадольваць вялікія адлегласці ў пошуках ежы.

Сур’ёзнай праблемай сталі і пастуховыя сабакі. Яны могуць забіваць дзіцянят гепардаў або адбіраць у іх здабычу. Акрамя таго, пастаянная прысутнасць людзей і хатняй жывёлы парушае натуральныя паводзіны драпежнікаў.

Асобную небяспеку ўяўляюць аўтамабільныя трасы, што перасякаюць тэрыторыі пражывання гепардаў у цэнтральным Іране. За апошнія гады некалькі жывёл загінулі пад коламі аўтамабіляў.

Даследаванне, апублікаванае яшчэ ў 2017 годзе, паказала: з 42 гепардаў, знойдзеных мёртвымі ў Іране паміж 2001 і 2012 гадамі, палову забілі браканьеры, пастухі або іх сабакі. Яшчэ 12 загінулі на дарогах.

Цяпер вайна часткова змяніла сітуацыю. З аднаго боку, скараціліся транспартны рух, прамысловая актыўнасць і прысутнасць людзей у некаторых запаведніках. Але з другога — аслаб кантроль з боку егераў, асабліва ў раёнах каля вайсковых баз. Гэта можа прывесці да росту браканьерства.

Найважнейшым інструментам для назірання за гепардамі застаюцца фотапасткі. Камеры з датчыкамі руху дазваляюць атрымліваць звесткі пра колькасць жывёл і іх перамяшчэнні ў велізарных пустынных раёнах. Але цяпер замяняць батарэі і правяраць карты памяці атрымліваецца значна радзей, а частка даследаванняў фактычна спыненая.

Азіяцкі гепард. Фота: Wikimadia Commons

Тым не менш сёлета навукоўцы атрымалі і рэдкія добрыя навіны. Калі летась афіцыйна было вядома толькі пра 17 дзікіх гепардаў, то сёлета даследчыкі зафіксавалі ўжо 21 дарослую жывёлу і шэсць дзіцянят.

Аднак нават гэта не гарантуе выжывання падвіду. Паводле іранскіх даследаванняў, менш за палову дзіцянят, якія нарадзіліся ў 2020—2024 гадах, дажылі да аднаго года.

Навукоўцы настойваюць: каб выратаваць гепардаў, неабходна будаваць агароджы ўздоўж трас, рабіць падземныя пераходы для жывёл, змагацца з браканьерствам і аднаўляць натуральнае асяроддзе. Але для гэтага патрэбныя грошы, а міжнароднае фінансаванне цяпер істотна ўскладненае праз вайну, санкцыі і палітычную ізаляцыю Ірана.

Мехдзі Набіян падкрэслівае: калі навукоўцы страцяць магчымасць праводзіць маніторынг і палявыя даследаванні, свет можа проста не заўважыць моманту, калі апошні азіяцкі гепард знікне назаўсёды.

Чытайце таксама:

У Індыі нарадзіліся дзіцяняты гепарда. Гэта адбылося ўпершыню за 70 гадоў

Новы фенікс: навукоўцы блізкія да таго, каб уваскрэсіць вымерлы від птушак

Як маладыя львіцы вучыліся паляваць на гепарда — фоты

Каментары да артыкула