Яшчэ адна міжнародная федэрацыя зняла абмежаванні з беларусаў
Міжнародны саюз сучаснага пяцібор'я (UIPM) зняў усе абмежаванні для беларускіх спартсменаў і камандаў. Такое рашэнне арганізацыя прыняла пасля новай рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэта.
Фота ілюстрацынае
З наступнага тыдня беларускія атлеты змогуць удзельнічаць у турнірах UIPM пад чырвона-зялёным сцягам, а таксама з дзяржаўнымі гербам і гімнам краіны. Таксама зборныя Беларусі атрымаюць права афіцыйна прадстаўляць сваю дзяржаву на міжнародных спаборніцтвах.
Да гэтага, пасля рашэння МАК у 2023 годзе, беларускія спартоўцы выступалі толькі ў нейтральным статусе — без дзяржаўнай сімволікі.
Новыя правілы пачнуць дзейнічаць адразу і будуць распаўсюджвацца на ўсе турніры UIPM, за выключэннем бліжэйшага этапа Кубка свету ў балгарскім Пазарджыку. Першае буйное спаборніцтва, дзе беларусы змогуць выступіць ужо без абмежаванняў, — Кубак свету ў Будапешце ў чэрвені 2026 года.
Пры гэтым для расійскіх спартоўцаў нейтральны статус пакуль застаецца ў сіле.
Сучаснае пяцібор'е стала яшчэ адным відам спорту, дзе міжнародныя арганізацыі паступова вяртаюць беларускім атлетам поўны ўдзел у міжнародных спаборніцтвах. Раней падобныя рашэнні ўжо прымаліся ў водных відах спорту, гандболе і іншых дысцыплінах.
Чытайце таксама:
Міжнародныя федэрацыі лёгкай атлетыкі і тэніса пакуль не будуць здымаць абмежаванні з беларусаў
Беларускага прызёра Алімпіяды ў Парыжы злавілі на допінгу
МАК зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў. З расійскіх — не