Мікола Бугай: Мышыная валтузня — гэта не палітыка
Разрываўся паміж опцыямі, як падгуляць рэжыму, піша Мікола Бугай. Вырашыў зрабіць гэта, адказаўшы Юрасю Губарэвічу.
Перадвыбарчая ўлётка кааліцыі «Латушка і «Рух за Свабоду» на выбарах у Каардынацыйную раду 2026 года. Фота: Наша Ніва
Заракаўся я пісаць пра гэтыя выбары ў Каардынацыйную раду, бо і мне, і ўсім маім сябрам у Беларусі яно фіялетава, але вымушаны ўсё ж уставіць свае пяць капеек. Спакусіў мяне Юрась Губарэвіч, лідар руху «За свабоду» і ўдзельнік Каардынацыйнай рады, які напісаў у фэйсбуку:
«Знаходзячыся ў прававым поле ЕС, вельмі цяжка разрывацца паміж дзвюма опцыямі: жаданнем падгуляць (адпрацаваць замову?) рэжыму і магчымасцю адгрэбці ў судзе за распаўсюд недаставернай інфармацыі (любыя супадзенні выпадковыя)».
Празрысты намёк на публікацыю «Нашай Нівы», у якой мы звярнулі ўвагу, што верыфікацыю выбарцаў даверылі кампаніі з расійскімі каранямі і гісторыяй выцекаў.
Бачыць змову ва ўсім, што не супадае з тваёй пазіцыяй ці з тваімі інтарэсамі, — няправільна.
Калі камусьці нешта недаспадобы, гэта не значыць, што нехта робіць тое са злым намерам. І на пратэсты за грошы выходзілі, ага.
Юр'ю, усё проста. Як толькі Павел Лібер назваў кампанію, наш журналіст рашыў праверыць, а што за яна.
Гэта наша задача як СМІ — правяраць усё, што мы можам праверыць. Нам за гэта людзі данацяць, а не за агітацыю за шчасце.
Вядома, лепш было б, каб тая публікацыя з’явілася раней, ну але Лібер у інтэрв'ю назваў кампанію тады калі назваў — 7 мая, напярэдадні выбараў. Журналісты ж не тэлепаты.
Наша справа — папярэдзіць. Справа арганізатараў — рашаць, што рабіць з тым, што выявілі журналісты. Мяркуеце вы, што нармальна давяраць праверку дакументаў Sumsub-у — надзейны ён, прапанаваў ён самы выгадны па спалучэнні цаны і якасці варыянт — ну ок.
Не СМІ вінаватыя ў тым, што ў выбарах у КР мала людзей удзельнічае. Проста немагчыма дасягнуць масавага ўдзелу выбарцаў у такіх выбарах ва ўмовах масавых рэпрэсій.
Не СМІ — ваша праблема, ды і ўвогуле праблемы не ў тым, у чым вы іх бачыце.
Нешматлікасць удзельнікаў адкрывае прастору для маніпуляцый. Спецслужбам не складана загадаць пяці сотням ідэолагаў прагаласаваць. Тэхнічнай магчымасці адхіліць такія галасы няма — у нас жа таямніца галасавання, дый што, не грамадзяне Беларусі яны? — а волевыяўленне будзе кардынальна скажоным. І пасля будзеце думаць, як выкручвацца і што тлумачыць грамадству, калі самы нягеглы выбарчы спіс раптам давядзецца абвяшчаць нібыта пераможцам.
Гэта ж вам не праймерыз у еўрапейскіх краінах і ЗША, ва ўмовах свабоднай канкурэнцыі, якія праходзяць з удзелам вялікай масы людзей і з выкарыстаннем звычайнай сеткі выбаркамаў.
Або іншая патэнцыйная міна запаволенага дзеяння. Звычайныя людзі ўхіляюцца ад удзелу ў выбарчых камісіях такіх кампаній, як КР, бо спецслужбы з радасцю прасоўваюць сваю агентуру на любыя такія пасады. Гісторыя Мельнікавай стала дзікай дыскрэдытацыяй і павінна была навучыць нават тупых. Але праблема ў тым, што механізмаў прадухілення такой інфільтрацыі проста не існуе ў нашых умовах.
Магчыма, КР і трэба. Не бачу практычнага сэнсу ў ёй, але вам, палітыкам, відней: лічыце, што яна вам трэба, захоўвайце яе. Можа, насамрэч рэзалюцыі пра сітуацыю ў Венесуэле выглядаюць для вас больш прадстаўнічымі, калі прымаюцца менавіта ад імя «протапарламенту». Аднак ці трэба выбары, калі на іх ніхто не хоча галасаваць?
Структуры для каардынацыі дзеянняў грамадства і для рэпрэзентацыі Беларусі патрэбныя, але фарміраваць на гэтым этапе іх лепш па нейкім іншым прынцыпе, больш рэалістычным.
Не спрацавала прыгожая задума ўсеагульных выбараў у КР? Значыць, шукайце іншыя спосабы арганізаваць працэс адбору дэлегатаў. Іначай праз два гады колькасць выбарцаў зраўняецца з колькасцю ахвотных абрацца ў КР.
Кангрэс дэмакратычных сілаў складалі прадстаўнікі ад рэальных, правераных справамі структур і асяродкаў. І неяк структура працавала. А вось праймерыз нават у больш спрыяльных умовах 2020‑га ўшчэнт праваліліся. Праймерыз прайшлі, час патрацілі людзі, грошы патрацілі, а кандыдат з іх не вырас. Каму як не Юр’ю Губарэвічу пра тое памятаць. Вось не думаў я, што мне з ім некалі давядзецца палемізаваць.
Два гады таму я пісаў, і гэта застаецца актуальным:
«Дзеля чаго мабілізоўвацца цяпер? Ва ўмовах рэпрэсій, якія ні беларускае грамадства, ні яго заходнія саюзнікі не могуць ні спыніць, ні нават змякчыць, людзі імкнуцца зберагчыся і зберагчы па максімуме. І такі падыход — рацыянальны. Нерацыянальна ў такіх умовах, наадварот, было б падстаўляць усё новых людзей пад рэпрэсіі. Гэта то нічога нікому не дае.
Цяпер самы час, каб ціха множыць любыя нягучныя, непублічныя, няпафасныя справы, якія дапамагаюць Беларусі заставацца беларускай, а беларусам — заставацца беларусамі, жыць і працаваць. Часы мяняюцца, і палітыка таксама мусіць мяняцца разам з імі».
Чытайце таксама:
Міліцыя заклікае не купляць старыя тэлефоны. Прычына можа выклікаць у вас новую фобію альбо смех