«Кропкава будзем адмабілізоўваць часці для таго, каб рыхтаваць іх да вайны». Лукашэнка анансаваў змены ў войску
Аляксандр Лукашэнка 12 мая правёў сустрэчу з міністрам абароны Віктарам Хрэніным, галоўнай тэмай якой сталі кадравыя пытанні ў войску і вынікі нядаўняй праверкі баявой гатоўнасці арміі, піша БелТА.
Аляксандр Лукашэнка і Віктар Хрэнін. Фота: БелТА
Лукашэнка адзначыў, што эфектыўнасць службы шмат у чым залежыць ад канкрэтных людзей на кіраўнічых пасадах. На яго думку, калі на месцы знаходзіцца «правільны чалавек», сітуацыя ў падраздзяленні будзе нармальнай, а калі не — могуць узнікнуць праблемы. У сувязі з гэтым ён даручыў міністру абароны прааналізаваць склад камандных кадраў і падрыхтаваць прапановы.
Таксама абмяркоўвалі вынікі маштабнай праверкі Узброеных сіл.
«Вы там разбіраліся: дзесьці прынцыпова, а дзесьці так… Я чакаў, калі вы самі там разберацеся ў добрых рэчах і недахопах (іх заўсёды хапае). Але мы асабліва і не хавалі тыя недахопы, якія бываюць у арміі. Я вырашыў, што нам хаваць гэтыя недахопы не трэба, але і напаказ мы іх асабліва не выстаўлялі», — заявіў Лукашэнка, адзначыўшы, што нібыта «мы гэта больш адкрыта рабілі, чым кіраўніцтва іншых краін».
Таксама ён сказаў, што Беларусь застаецца мірнай краінай, але армія павінна быць гатовая да любых сцэнарыяў:
«Далей, як я абяцаў, мы кропкава будзем адмабілізоўваць часці для таго, каб рыхтаваць іх да вайны. Дай бог, каб яе ўдалося пазбегнуць».
Віктар Хрэнін пасля сустрэчы паведаміў, што праверкі паказалі ў цэлым добрую гатоўнасць асабовага складу, а канчатковыя кадравыя рашэнні будзе прымаць Лукашэнка на падставе прапаноў вайсковага ведамства.
Чытайце таксама:
Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію
У Год жанчыны Лукашэнка зняў жанчыну-мэра