БЕЛ Ł РУС

У мінскім заапарку правядуць фестываль агню. Кажуць, што жывёлы будуць у памяшканнях, таму ўсё нармальна

13.05.2026 / 15:28

Аўгіння Якімук

Сталічны заапарк актыўна рэкламуе «самую гарачую падзею вясны» — вогненны фестываль. Тры дні побач з жывёламі ў вальерах будуць ладзіць фаер-шоу.

Не паспелі беларусы адысці ад шалёнай ідэі арганізаваць музычны рэйв у Белавежскай пушчы (які арганізатары ў выніку перанеслі на іншы час), як свой непрыемны сюрпрыз падкінуў сталічны заапарк.

Там вырашылі даволі незвычайна адсвяткаваць пачатак сезона. 22‑24 мая ў заапарку пройдзе Мінскі фестываль агню. У кожны з гэтых дзён запланавана 1,5‑гадзіннае фаер-шоу. Абяцаюць таксама жывую музыку.

Квіткі на дзень фестывалю каштуюць ад 20 рублёў (для шматдзетных сямей) да 90 рублёў (за пакет «двое дарослых + двое дзяцей»).

У сацсетках многія абураюцца гэтай ідэяй.

Чытачка «Нашай Нівы» звярнулася ў заапарк з пытаннем, ці нармальна гэта — ладзіць гучныя шоу з агнём побач з жывёламі.

Там яе паспрабавалі супакоіць: маўляў, яны клапоцяцца пра жывёл, а само вогненнае шоу будзе на пляцоўцы, якая знаходзіцца наводдаль ад вальераў. Сцвярджалі таксама, што самі звяры ў гэты момант будуць знаходзіцца ў крытых памяшканнях.

Пазней аналагічны допіс з’явіўся і ў інстаграме заапарку, але ж магчымасць пакідаць каментары там адключылі.

Адначасова ў акаўнце заапарка ідзе розыгрыш бясплатных квіткоў на фестываль агню.

Чытайце таксама:

Белавежская пушча патлумачыла, чаму перанесла тэхнарэйв

У Белавежскай пушчы правядуць гучны тэхнарэйв. Ці не будуць панікаваць звяры і ці ўседзяць на яйках птушкі?

У Белавежскай пушчы зладзяць тэхнарэйв

Каментары да артыкула