У Белавежскай пушчы правядуць гучны тэхнарэйв. Ці не будуць панікаваць звяры і ці ўседзяць на яйках птушкі?
Беларусы спрачаюцца ў сацсетках: ці дапушчальныя начныя вечарынкі з гучнай электроннай музыкай у запаведнай зоне? Нагодай стаў тэхнарэйв, які пройдзе 18 красавіка ў Белавежскай пушчы, у маёнтку Дзеда Мароза, піша выданне «Анлайнер».

Пачнецца вечарынка а 9‑й гадзіне вечара і працягнецца да другой гадзіны ночы. Ад галоўнай брамы Нацыянальнага парка да пляцоўкі і назад гасцей будзе вазіць бясплатны трансфер.
Вось як самі арганізатары анансуюць мерапрыемства:
«МАГІЯ ЛЕСУ І ЭНЕРГІЯ ТЭХНА
18 красавіка Белавежская пушча ператворыцца ў эпіцэнтр электроннай музыкі. Мы запрашаем вас на ўнікальны тэхнарэйв у самым сэрцы легендарнага лесу — у маёнтку Дзеда Мароза! Уявіце: векавыя дрэвы, начная ілюмінацыя казачнай сядзібы і магутныя біты, што пранізваюць цішыню ночы. Гэта не проста вечарынка, гэта пагружэнне ў іншую рэальнасць».
Аднак у сацсетках на тэхнарэйв адрэагавалі неадназначна. Многія перажываюць адносна таго, як такое шумнае мерапрыемства адаб'ецца на жывёлах пушчы:
«Зараз вясна, гнездаванне птушак, гон многіх жывёл… Якія рэйвы з магутным гукам?»
«Птушкі будуць у захапленні, астатнія звяркі таксама ў экстазе».
«У запаведніку грукат тэхна ў перыяд гнездавання».
«Люблю рэйвы, люблю тэхна, люблю опэн-эйры, але рылі… У Белавежскай пушчы — гэта ўжо ту мач».
Дастаткова зірнуць на карту: маёнтак літаральна патанае ў лесе. Навокал — ні забудовы, ні «буфернай зоны». Да найбліжэйшай невялікай вёскі — прыкладна два кіламетры.
Але ёсць і тыя, хто лічыць, што вечарынка не павінна нашкодзіць жывёлам, якія насяляюць месцы побач з лакацыяй яе правядзення:
«Маёнтак Дзеда Мароза ўжо гадоў з 20 напоўнены людзьмі. Там заўсёды шумна, асабліва ў навагоднія святы. Ён не ў лясным гушчары знаходзіцца».
«Гэта, напэўна, не будзе праходзіць у прыродаахоўнай зоне. А там, дзе далі дазвол, напэўна, на пастаяннай аснове нешта ды праходзіць (уласна, гэта пазначана). А якое-небудзь свята кшталту вяселля можа аказацца нашмат шумнейшым (з-за феерверкаў, напрыклад)».
«Узровень гуку на тэхнарэйвах звычайна складае ад 100 да 120 дэцыбелаў. Стрэл з ружжа ў сярэднім стварае гук гучнасцю ад 140 да 170 дБ. Узровень шуму ад удару маланкі (гром) надзвычай высокі: у непасрэднай блізкасці ён складае каля 120—140 дБ, што дасягае болевага парога чалавека. Пры асабліва блізкіх ударах або спецыяльных умовах узровень гукавога ціску можа кароткачасова перавышаць 165—200. Пытанне: ад чаго больш імаверна спыніцца сэрца беднай жывёлы?»
«Мерапрыемства не ў вальерах з жывёламі плануецца, усё прадумана. Месца правядзення знаходзіцца далёка ад жывёл».
А што наконт гэтага мерапрыемства думае заолаг?
«Горш за ўсё тое, што ўсё будзе праходзіць у начны час. Калі днём яшчэ жывёлы могуць чакаць нейкіх рэзкіх гукаў, то ўначы яны цалкам безабаронныя.
Маёнтак Дзеда Мароза знаходзіцца ў самым цэнтры пушчы, там вялікая разнастайнасць відаў. І праз тое, што сёлета ранняя вясна, многія птушкі ўжо сядзяць на яйках. А гучная музыка можа спалохаць самак, яны пакінуць гнёзды і больш не вернуцца.
Яшчэ адзін момант, які мяне ўстрывожыў, — тое, што ўначы па дарозе каля лесу будзе курсіраваць трансфер. Дзікія жывёлы актыўныя ў гэты час, могуць выходзіць на праезную частку і тым самым правакаваць ДТЗ», — дзеліцца прадстаўнік кампаніі «Дзікая прырода» Аляксандр Вінчэўскі.
Арганізатары: «Адмена не плануецца»
За каментарыем па сітуацыі журналісты таксама звярнуліся ў Нацыянальны парк «Белавежская пушча». І вось што там адказалі:
«Зараз разам з Міністэрствам прыроды вырашаем пытанні па мерапрыемстве, адмена не плануецца. Тэхнарэйв будзе праходзіць у рэкрэацыйнай зоне, маёнтак Дзеда Мароза — гэта турыстычны аб'ект. Да запаведнай зоны больш за адзін кіламетр. Да таго ж, там стаяць будынкі, якія будуць паглынаць шум. Мы замерылі яго ўзровень — усё ў межах нормы. У найбліжэйшы час мы дамо людзям больш падрабязнае тлумачэнне сітуацыі».
7 красавіка адміністрацыя «Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» выпусціла афіцыйную заяву:
«Пры падрыхтоўцы культурна-відовішчнага мерапрыемства «Тэхна-рэйв» у Белавежскай пушчы першапачаткова былі ўлічаныя нормы прыродаахоўнага заканадаўства. Выступленне музычных калектываў адбудзецца ў цэнтры рэкрэацыйнай зоны на турыстычным аб'екце парка «Маёнтак беларускага Дзеда Мароза». Ён аддалены ад запаведнай зоны больш чым на 1 км.
Больш за тое, арганізатары тэхнічна прапрацавалі сістэму распаўсюджвання гуку такім чынам, каб ён быў накіраваны ў цэнтр пляцоўкі, на якой будзе праходзіць мерапрыемства. Удзел у ім арыенціровачна зможа ўзяць не больш за 700 чалавек.
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ў сваёй дзейнасці кіруецца прынцыпамі захавання ўнікальных прыродных комплексаў, флоры, фаўны і гісторыка-культурнай спадчыны тэрыторыі. Таксама з улікам навукова абгрунтаванай дапушчальнай рэкрэацыйнай нагрузкі і захавання нормаў прыродаахоўнага заканадаўства нацыянальны парк актыўна развівае інфраструктуру падзейнага турызму і масавага адпачынку.
У прыватнасці, адміністрацыя парка пашырае сетку экалагічных і пазнавальных маршрутаў, арганізуе розныя фестывалі, тэматычныя святы, інтэрактыўныя праграмы і сезонныя мерапрыемствы. Гэта спрыяе развіццю ўнутранага турызму, павелічэнню яго ўкладу як у эканоміку ўстановы, так і дзяржавы ў цэлым. Падзейны турызм дазваляе прыцягваць шырокі паток наведвальнікаў, фарміраваць вядомы брэнд тэрыторыі і развіваць яе без шкоды для прыродаахоўнай місіі.
Пры правядзенні культурна-відовішчнага мерапрыемства «Тэхна-рэйв» будуць рэалізаваныя ўсе неабходныя ўмовы па недапушчэнні шкоды прыродзе».
У Белавежскай пушчы зладзяць тэхнарэйв
Экспазіцыя здымкаў дзікай прыроды адкрылася ў Мінску
Двух плямістых аленяў перавезлі з Брэста ў Белавежскую пушчу
У Белавежскай пушчы пералічылі зуброў
«Прыляцелі, родныя!» Каля Белавежскай пушчы пабачылі буслоў ВІДЭА
У Белавежскай пушчы фотапастка зафіксавала двух рысяў ВІДЭА
Каментары