БЕЛ Ł РУС

Банкрутуе яшчэ адна беларуская абутковая фабрыка

13.05.2026 / 19:18

Nashaniva.com

Адна з найстарэйшых абутковых фабрык Беларусі — «Нёман» з Гродна — апынулася на мяжы банкруцтва. Эканамічны суд Гродзенскай вобласці ўжо распачаў справу аб фінансавай неплацежаздольнасці прадпрыемства.

Фота: «Яндэкс-Карты»

Фабрыка працуе з 1939 года і вядомая найперш вытворчасцю дзіцячага абутку. Для многіх беларусаў «Нёман» асацыюецца з класічнымі дзіцячымі сандалямі, якія выпускаліся яшчэ з савецкіх часоў.

Заяву ў суд прадпрыемства падало самастойна. Цяпер для фабрыкі ўведзены так званы ахоўны перыяд — час, калі спецыяльны кіраўнік ацэньвае, ці можна аднавіць плацежаздольнасць і пазбегнуць банкруцтва. Пакуль гэты перыяд дзейнічае да 1 чэрвеня.

Паводле судовых даных, пратэрмінаваная запазычанасць фабрыкі складае больш за 4,2 мільёна рублёў. З іх каля 3,17 мільёна — запазычанасці перад крэдыторамі, яшчэ больш за мільён — пазыкі і крэдыты.

Акрамя гэтага, супраць прадпрыемства адкрылі 54 выканаўчыя вытворчасці. Агульная сума патрабаванняў па іх перавышае 1,4 мільёна рублёў, а таксама ўключае даўгі ў еўра і ўкраінскіх грыўнях.

Пры гэтым маёмасць фабрыкі ацэньваецца прыкладна ў 14,1 мільёна рублёў. Значную частку складае ўжо гатовая прадукцыя на складах. Аднак свабодных грошай у прадпрыемства засталося ўсяго каля 22 тысяч рублёў.

Для «Нёмана» ўжо падрыхтавалі папярэдні план санацыі — фінансавага аздараўлення. Яшчэ раней фабрыка спрабавала самастойна стабілізаваць сітуацыю: распрацоўвала антыкрызісныя меры і хацела зменшыць даўгавую нагрузку за кошт спісання штрафаў і пеняў, але гэта не дапамагло.

Яшчэ ў 2022 годзе фабрыку перадалі пад кіраванне кампаніі «Белвест». Тады планавалася мадэрнізацыя і павелічэнне вытворчасці. Аднак пазней фінансавыя цяжкасці ўзніклі і ў самога «Белвеста», дзе ў 2026 годзе таксама пачалася працэдура санацыі.

Чытайце таксама:

Кампанію «Белвест» прызналі эканамічна неплацежаздольнай

На «Белвесце» разрэзалі боты, каб паказаць перавагу беларускага абутку

Што будзе з «Белвестам», які мае мільённыя даўгі?

Каментары да артыкула