БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская: Лукашэнку не зменіш, трэба перастаць верыць у гэтыя ілюзіі

13.05.2026 / 22:29

Nashaniva.com

На выхадных у Мінску пройдзе пратэстанцкі фестываль, на які прыедзе блізкі да Дональда Трампа прапаведнік Франклін Грэм. Ён жа — сябар спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. Ці наведае сам спецпасланнік Мінск у бліжэйшыя дні, пакуль невядома, але выданне «Люстэрка» спытала ў лідаркі дэмсіл Святланы Ціханоўскай, ці ёсць нейкія падрабязнасці пра чарговы візіт спецпасланніка ў нашу краіну і магчымае вызваленне палітвязняў.

Святлана Ціханоўская. Фота: Marek Antoni Iwanczuk NurPhoto via Getty Images

Лідарка дэмсіл не пацвердзіла, але і не абвергла інфармацыю пра магчымы прыезд Джона Коўла ў Мінск на пратэстанцкі фестываль.

«Але хачу сказаць, што ніводзін з візітаў Джона Коўла не праходзіў без вызвалення людзей. Таму мы, вядома, чакаем, што будзе новая група, — сказала Ціханоўская.

— Што для нас важна — мы заўсёды падкрэсліваем гэта ў камунікацыі з нашымі партнёрамі — каб людзі мелі выбар: заставацца ці з’язджаць. Калі людзей дэпартуюць — пакідайце дакументы, бо гэта дадатковая, вядома, нагрузка на плечы і Літвы, і Польшчы. Нашы партнёры, вядома, даносяць гэтыя пазіцыі. Але гэта ж рэжым, у іх задача напаскудзіць.

Але, вядома, мы вельмі чакаем новую групу, і ў нас усё падрыхтавана. Таксама мы просім падымаць пытанне спынення рэпрэсій. Таму што партнёры таксама разумеюць і бачаць, што саджаюць новых людзей. Таму амерыканцы працуюць паступова: прыярытэт — вызваліць людзей, а далей ужо развіццё падзей абмяркоўваць».

У адказ на асцярогі, што ў ЗША могуць скончыцца рычагі для абмену, Ціханоўская адзначыла, што інструментарый «значна большы, чым санкцыі».

«У амерыканцаў ёсць іншыя, скажам так, моркаўкі, якія яны могуць выкарыстоўваць. Гэта можа быць і вяртанне да ранейшага стану, які быў даўней. Так выбудаваная амерыканская санкцыйная сістэма, — лічыць Ціханоўская. — Адзінае, што вельмі важна — варта пазбягаць палітычнага прызнання рэжыму».

Лідарка дэмсіл адзначыла, што самы вялікі рычаг ціску на дзеянні Лукашэнкі знаходзіцца ў Еўропы.

«Я спадзяюся, усе ўсведамляюць, што каб не моцныя санкцыі Еўрапейскага саюза, то ў рэжыму не было б намеру выпускаць людзей, — кажа Ціханоўская. — Таму што амерыканскія санкцыі без еўрапейскіх, скажам так, санкцый — яны не настолькі эфектыўныя.

Вядома, у марах Лукашэнка бачыць нейкую «вялікую ўгоду». Але ўсё ж такі мы верым, што амерыканскі бок не будзе аказваць ніякага ціску на еўрапейскія краіны, каб змяніць іх палітыку. Таму што еўрапейскія санкцыі — гэта вельмі эфектыўны і моцны інструмент супрацьдзеяння рэжыму.

— Я разумею, вядома, людзей, якім здаецца, што калі Еўропа здыме санкцыі, то Лукашэнка імгненна і людзей вызваліць, і прыме ўсіх назад. Гэта ілюзія. І нам трэба ўжо перастаць памыляцца, — працягвае лідарка дэмсіл. —

Зноў жа, яшчэ раз хачу падкрэсліць — я разумею, што людзям здаецца, што любую магчымасць трэба выкарыстоўваць, каб людзей вызвалілі. Але проста гэта не спрацуе. Таму што задача Лукашэнкі — прынізіць Еўропу, прымусіць яе капітуляваць.

Напрыклад, калі кажуць пра Літву, то хочуць, каб літоўскія палітыкі прыехалі ў Мінск на паклон. Але так дыялог не вядзецца. Калі ў вас сур'ёзныя намеры да дээскалацыі, так, то вы для гэтага робіце пэўныя крокі. Гэта не павінна выглядаць як прымус да перамоў, як было і з грузавікамі, і з шарамі… І ўсе нашы партнёры гэта разумеюць.

Санкцыі, рэжым ізаляцыі, рэжым непрызнання — гэта ўсё інструменты ціску на рэжым Лукашэнкі. Але людзям здаецца, што вось зараз той самы час, калі трэба адкручваць назад.

Самі беларусы як быццам бы пачынаюць пераставаць у сябе верыць. Але яшчэ ж не даціснулі, ёсць яшчэ імпэт. А я настолькі веру ў нашу сілу, у тое, што беларусы змяніліся, што мяне пакуль ніхто не пераканаў — ніякая прапаганда і ніякія нападкі на беларусаў. Я думаю, што мы проста выраслі дастаткова для таго, каб давесці справу да канца, не кінуць на паўдарозе».

Ціханоўская таксама адзначае, што, заклікаючы еўрапейцаў адмяняць санкцыі і ісці на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, многія забываюць пра фактар вайны.

«Але мы ж бачым і асцярогі, якія выказвае прэзідэнт Зяленскі і яго атачэнне: выглядае так, што ў Беларусі рыхтуюцца да нейкай эскалацыі, да нейкіх правакацый. І ўсё гэта, вядома, еўрапейскія партнёры ўспрымаюць сур'ёзна, — кажа яна. —

Мы разумеем, што Лукашэнка ў любым выпадку будзе служыць інтарэсам Расіі, а не беларускім нацыянальным інтарэсам. Таму я разумею Еўропу і тое, як яна рэагуе на гэта. Нам, беларусам, трэба самім перастаць верыць у гэтыя ілюзіі. Як быццам нас зноў гісторыя нічому не вучыць.

Мы ж павінны вывучыць, што такія сітуацыі ўжо былі. І ні да чаго не прывялі. Вось я зараз вярнулася са Швецыі, дзе размаўлялі з аднымі з прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны. Ён дзяліўся, што яшчэ да 2020 года, у 2018—2019 гадах краіна выдзяляла вялікую суму грошай на падтрымку арганізацый і ініцыятыў у Беларусі, спадзеючыся, што будзе лібералізацыя. Яны ўсімі сіламі хацелі дапамагчы. І вось настаў 2020-ы, і яны бачаць: нічога не атрымалася. Колькі ты ні ўкладай, чалавека не зменіш».

Чытайце таксама:

Ціханоўская расказала, пра што гаварыла з Коўлам

Джон Коўл сазваніўся са Святланай Ціханоўскай

Марына Золатава — ЗША, ЕС: Калі ласка, не спыняйцеся!

Каментары да артыкула