У Венгрыі ўпершыню выклікалі расійскага пасла для тлумачэнняў пра вайну
Улады Венгрыі пасля атакі Расіі на ўкраінскае Закарпацце ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне выклікалі расійскага пасла ў МЗС. Сустрэча павінна адбыцца ў чацвер раніцай, піша «Еўрапейская праўда».
Пасол Расіі ў Венгрыі Яўгеній Станіславаў. Фота: hungary.mid.ru
Пра выклік расійскага пасла паведаміў прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр пасля пасяджэння новага ўрада, на якім абмяркоўвалі масіраваную расійскую атаку па Украіне 13 мая, у тым ліку па Закарпацкай вобласці.
Кіраўнік венгерскага ўрада заявіў, што Будапешт рашуча асуджае ўдар па Закарпацці. Міністарка замежных спраў Аніта Орбан выклікала расійскага пасла пасля атакі дронаў на рэгіён.
Паведамляецца, што ўлады Венгрыі ведаюць пра як мінімум пяць удараў. У горадзе Свалява дроны пашкодзілі трансфарматар і чыгуначную станцыю, а ва Ужгарадзе — прамысловы аб’ект.
Раней, пры папярэднім урадзе на чале з Віктарам Орбанам, венгерскае МЗС ніколі не выклікала расійскага пасла пасля атак на Закарпацце, што неаднаразова крытыкавалі незалежныя венгерскія медыя. У памежнай з Венгрыяй Закарпацкай вобласці жыве шмат этнічных венграў.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга падзякаваў Аніце Орбан за хуткую рэакцыю і асуджэнне расійскіх удараў.
Чытайце таксама:
ЕС плануе ўключыць у новы пакет санкцый абмежаванні ў дачыненні да патрыярха Кірыла і святароў РПЦ
Венгрыя вярнула Украіне канфіскаваныя сродкі і каштоўнасці Ашчадбанка
«Упершыню за гады ў зале няма рускіх» — Туск тонка пакпіў з Орбана
Мадзьяр заклікаў Зяленскага аднавіць транзіт нафты па трубаправодзе «Дружба»