БЕЛ Ł РУС

Генсак НАТА прапанаваў членам альянсу выдзяляць на дапамогу Украіне па 0,25% ВУП

13.05.2026 / 23:40

Nashaniva.com

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ прапанаваў, каб краіны альянсу штогод выдзялялі Украіне суму, роўную 0,25% свайго ВУП. Паводле інфармацыі выдання Politico, такую ідэю ён выказаў на закрытай сустрэчы паслоў НАТА напрыканцы красавіка падчас падрыхтоўкі да летняга саміту альянсу ў Турцыі.

Марк Рутэ. Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert

Калі прапанову падтрымаюць усе краіны НАТА, агульны аб’ём дапамогі Украіне можа павялічыцца амаль утрая і дасягнуць каля 143 мільярдаў даляраў у год.

Рутэ хоча зрабіць падтрымку Кіева больш стабільнай і прадказальнай, а таксама паменшыць незадаволенасць сярод саюзнікаў, бо некаторыя краіны выдзяляюць значна больш сродкаў, чым іншыя. Найбольшую дапамогу адносна свайго ВУП цяпер аказваюць краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі, Польшча і Нідэрланды, найменш энтузіязму — у краін Паўднёвай Еўропы.

Ініцыятыва Рутэ ўжо сустрэла супраціў з боку некаторых буйных дзяржаў, у тым ліку Францыі і Вялікабрытаніі. Для прыняцця такога рашэння неабходная згода ўсіх членаў НАТА, таму пакуль невядома, ці атрымае прапанова падтрымку.

Пытанне могуць абмеркаваць на сустрэчы міністраў замежных спраў краін НАТА, якая адбудзецца на наступным тыдні ў шведскім Гельсінгборгу.

Чытайце таксама:

Трамп падзяліў саюзнікаў па НАТА на «добрых» і «кепскіх»

Вось як еўрапейцы і Канада будуць дзейнічаць, калі ЗША выйдуць з НАТА

Упершыню ўсе члены НАТА дасягнулі 2% ВУП на абарону

Рутэ: Вайскоўцы краін НАТА з’явяцца ва Украіне адразу пасля заключэння мірнага пагаднення

Каментары да артыкула