Украінскія пажарнікі лакалізавалі лясныя пажары каля мяжы з Беларуссю
Ва Украіне ратавальнікам удалося лакалізаваць маштабныя лясныя пажары ў памежных з Беларуссю раёнах. Найбольш складаная сітуацыя была ў замінаваных месцах, дзе тушыць агонь было асабліва небяспечна.
Скрыншот з відэа
У Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях Украіны паведамілі, што агонь ахапіў тэрыторыі ў Ровенскай, Жытомірскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай абласцях, а таксама на Закарпацці. У пэўны момант агульная плошча пажараў перавысіла тры тысячы гектараў.
Цяпер пажары на Закарпацці і ў Ровенскай вобласці ўжо патушылі, а ў Жытомірскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцях агонь удалося лакалізаваць.
Па словах ратавальнікаў, праца ўскладнялася не толькі мінаваннем тэрыторый, але і вельмі высокай тэмпературай. З-за спёкі загарэліся два пажарныя аўтамабілі, аднак яшчэ пяць машын удалося выратаваць.
Пажары ў Чарнобыльскай зоне пачаліся 8 мая пасля выбухаў расійскіх дронаў. Моцны вецер хутка распаўсюджваў агонь. Асяродкі пажараў знаходзіліся недалёка ад беларускай мяжы.
Спецыялісты нагадваюць, што падчас гарэння ў Чарнобыльскай зоне ў паветра могуць трапляць радыеактыўныя рэчывы, якія засталіся пасля аварыі 1986 года. Вецер можа пераносіць забруджанае паветра і на тэрыторыю суседніх краін, у тым ліку Беларусі.
Чытайце таксама:
Дажджы не патушылі пажары ў чарнобыльскай зоне Украіны
Пажар у Зоне адчужэння: спецыялісты ацанілі ўзровень радыяцыі
Пажар каля Чарнобыля цалкам пакуль не патушылі
Дождж дапамог стабілізаваць сітуацыю з пажарамі на мяжы Украіны і Беларусі
У Чарнобылі бушуе вялікі лясны пажар. Вецер дзьме ў бок Беларусі, сёння варта перасцерагчыся