БЕЛ Ł РУС

Першая чарга кальцавой лініі мінскага метрапалітэна дойдзе толькі да Вяснянкі

15.05.2026 / 13:15

Ф. Раўбіч

Замест абяцанага доўгага ўчастка да вуліцы Харкаўскай, з перасадкай на «Пушкінскай», першая чарга абмяжуецца ўсяго трыма станцыямі. 

Ілюстрацыйнае фота. Здымак: Наша Ніва

Паводле апошніх заяў дырэктара «Мінскметрапраекта» Міхаіла Рудзько, якія прыводзіць агенцтва «Мінск-Навіны», праектаванне чацвёртай кальцавой лініі плануецца завяршыць у 2028 годзе, аднак працэс яе ўзвядзення ўжо падзелены на дакладныя чэргі і этапы.

Галоўная навіна палягае ў тым, што першы пускавы комплекс будзе ўключаць усяго тры станцыі на ўчастку ад вуліцы Максіма Багдановіча да вуліцы Ціміразева. Фактычна гэта азначае, што з плошчы Бангалор пасажыры змогуць даехаць толькі да мікрараёна Вяснянка.

Схема развіцця мінскага метрапалітэна пасля выключэння з праекта станцый «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічная». Фота: СБ. Беларусь сегодня

Яшчэ месяц таму гаворка ішла пра тое, што першы ўчастак кальцавой лініі пойдзе ад Бангалор ажно да вуліцы Харкаўскай з перасадкай на «Пушкінскай».

З улікам усіх ранейшых зменаў, першы ўчастак будзе выглядаць наступным чынам: «Максіма Багдановіча» — «Старавіленскі шлях» — «Вяснянка».

На першым этапе атрымліваецца бессэнсоўны з транспартнага пункту гледжання метраапендыкс: першая чарга кальцавой лініі перасякае праспект Пераможцаў і цягнецца да станцыі «Парк Дружбы народаў», канцавой станцыі трэцяй лініі, ад якой трэцяя лінія ідзе фактычна ў адваротным кірунку, ізноў перасякаючы праспект Пераможцаў.

Частка праектных прац па вынасе інжынерных сетак на гэтым кароткім адрэзку павінна скончыцца ўжо ў 2026 годзе, пасля чаго пачнецца асноўны этап будаўніцтва.

Новая траса чацвёртай кальцавой лініі мінскага метро. Скрыншот рэпартажа АНТ

За апошнія месяцы гэта ўжо не першае вялікае змяненне ў планах будаўніцтва чацвёртай лініі. Нагадаем, што першапачатковы праект кальцавой лініі прадугледжваў 17 станцый, але ў студзені 2026 года стала вядома, што лік скараціўся да 15 — з планаў зніклі «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічная». У красавіку з’явілася новая схема кальцавой лініі, з якой вынікае, што яе ўсходнюю частку ўвогуле вырашылі адцягнуць далей ад цэнтра ў прамысловую зону Дражні, бліжэй да будучага мегараёна Зялёны Бор.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула